Кандыдаты збіраюць подпісы ад Масквы да Нью-Ёрка

Еўрарадыё даведалася, ці шукаюць патэнцыйныя кандыдаты падтрымку ў беларусаў, якія апынуліся за межамі краіны.

Як высветлілася, больш за ўсіх па замежжы працуе група Віталя Рымашэўскага. Беларускія грамадзяне, якія жывуць у Бельгіі, Нямеччыне, Польшчы, Украіне, Літве і ЗША, могуць спакойна падпісацца за кандыдата ад БХД. На сёння у гэтых краінах знайшлося больш за 100 яго прыхільнікаў, распавяла Еўрарадыё прадстаўніца штаба Рымашэўскага Ірына Губская.

Ірына Губская: “Подпісы збіраюць у Польшчы: у Варшаве, Кракаве і Любліне. Збіраюць подпісы ў Вільні, Коўне. У ЗША — гэта Нью-Ёрк, у Бельгіі — Антверпен, Брусель”.

Ініцыятыўная група Ўладзіміра Някляева працуе пакуль толькі ў Варшаве. Але на наступным тыдні пісьменнік зладзіць пікетны тур па суседніх краінах.

“Будзе аднаразовая акцыя, якая будзе выглядаць, як перасоўны пікет. Мяркуецца яна ў Вільні, Кіеве, Маскве і Варшаве”, — падзялілася планамі прэс-сакратар кампаніі “Гавары праўду” Юлія Рымашэўская.

Алесь Міхалевіч падпісвае за сябе беларусаў з універсітэтаў Польшчы. Таксама некалькі чалавек збіраюць подпісы і ў Маскве, кажа прэтэндэнт у прэзідэнты.

Алесь Міхалевіч: “З замежжа мы збіраем толькі ў Варшаве. Ёсць некалькі чалавек у Маскве, якія падпісваюць сваіх знаёмых беларусаў. Гэта не вельмі вялікая колькасць — некалькі дзясяткаў чалавек”.

Досыць шмат прыхільнікаў жыве ў Нью-Ёрку, кажа Міхалевіч. Але тэхнічна перадаць гэтыя подпісы складана.

За кандыдата ад Партыі БНФ Рыгора Кастусёва таксама збіраюць подпісы ў Маскве. Праўда, гэтым займаецца толькі адзін чалавек, адзначае старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч: “У нас ёсць чалавек, які працуе ў Маскве. Мы там не арганізоўваем публічныя імпрэзы. Хто жадае падпісацца — звязваюцца з ім і падпісваюцца”.

Паводле інфармацыі на мінулы тыдзень, за Рыгора Кастусёва ў Маскве падпісаліся каля 30 чалавек.

А вось подпісы за кіраўніка краіны за мяжой не збіраюць. Маўляў, і тут людзей хапае.

“Выбарчага поля ў краіне дастаткова, каб вырашыць гэты этап выбараў. Чыста і ўсіх задавальняе”, — распавёў супрацоўнік выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі Віктар Даранкевіч.

За мяжой не працуюць і ініцыятыўныя групы самага "еўрапейскага" кандыдата Андрэя Саннікава і паляка Яраслава Раманчука. Аднак, згодна са словамі Анатоля Лябедзькі, людзі прыязджаюць у Беларусь і падпісваюцца тут.

Анатоль Лябедзька: “Я ведаю некалькі чалавек, якія жывуць у Бельгіі, але грамадзяне Беларусі, — яны паставілі подпісы. Таксама некалькі чалавек з Расіі. Яны жывуць у Расіі, але прыехалі сюды і паставілі подпісы за Яраслава Раманчука”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі