Канфіскаваная найбуйнейшая ў Беларусі партыя самагону (фота, відэа)
Аперацыю праводзілі ў Маладзечанскім раёне міліцыянты пры падтрымцы байцоў АМАПу.
У вёсцы Скавародкі быў затрыманы нідзе не працуючы 35-гадовы жыхар Маладзечна, які ў сваім доме і гаспадарчых пабудовах арганізаваў падпольны цэх па вырабе спіртавога сурагату пад выглядам самагону.
Каб дасягнуць максімальнага прыбытку, мужчына вырабляў "падроблены самагон". Ён разводзіў сырой вадой тэхнічны расійскі спірт і, каб надаць яму пах традыцыйнага беларускага алкагольнага напою, дадаваў у сурагат самагон.
Падчас агляду гаспадарчых памяшканняў было выяўлена і канфіскавана 1750 літраў гатовага сурагату з пахам самагону і 500 літраў 95-працэнтнага тэхнічнага расійскага спірту.
Правапарушальніку пагражае штраф, сума якога складзе больш за 10 мільёнаў рублёў.
Таксама міліцыянты знайшлі больш тоны афарбаванага дызельнага паліва, якое пастаўляецца толькі ў сельгасарганізацыі нашай краіны. За незаконнае яго захоўванне мужчыне пагражае яшчэ адзін штраф у памеры некалькіх мільёнаў рублёў, паведамляе прэс-служба міліцыі Мінскай вобласці.
Фота — uvd-mo.gov.by