Кангрэсмены ЗША заклікаюць стварыць міжнародны трыбунал па справе Лукашэнкі

Кангрэсмены ЗША заклікаюць стварыць міжнародны трыбунал па справе Лукашэнкі

Кангрэсмены ЗША, якія ўваходзяць у групу "Сябры Беларусі", сур'ёзна ўсхваляваныя апошнімі падзеямі, звязанымі з нашай краінай. Маюцца на ўвазе смерць у Кіеве кіраўніка "Беларускага дома ва Украіне" Віталя Шышова, уцёкі з Токіа ў Польшчу спартоўкі Крысціны Ціманоўскай, крызіс з уцекачамі на беларуска-літоўскай мяжы.

Сустаршыня Камісіі па правах чалавека ў Палаце прадстаўнікоў Крыстафер Сміт мяркуе, што смерць Віталя Шышова вельмі нагадвае палітычнае забойства. "Смерць Віталя Шышова ва Украіне, якую цяпер расследуюць украінскія праваахоўныя органы, мае ўсе прыкметы палітычнага забойства. Натуральна, расследаванне павінна быць працягнута, але гэта яшчэ мацней падкрэслівае факт, што рэжым здольны забіваць сваіх апанентаў за межамі краіны так жа, як гэта робіць Расія",перадае яго словы "Голас Амерыкі".

Па словах Сміта, удзельнікі групы "Сябры Беларусі" напісалі ліст кіраўніцы ад ЗША ў Міжнародным валютным фондзе з заклікам спыніць вылучэнне сродкаў МВФ для афіцыйнага Мінска. "Гэтыя грошы можа выкарыстаць Лукашэнка, каб кампенсаваць эфект ад санкцыяў, уведзеных ЗША, Канадай, Брытаніяй і ЕС", — тлумачыць кангрэсмен.

Таксама ён прапанаваў заснаваць міжнародны трыбунал для расследавання злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі: "Лукашэнка вельмі спалоханы і знаходзіцца ў роспачы ад таго, што можа страціць уладу. І гэта вельмі небясьпечны стан, ён гатовы на што заўгодна ў дачыненні да беларускага народу. Ён гатовы на любы гвалт, і ЗША павінны гэта цалкам разумець — і дзейнічаць папераджальна. Мы мусім быць гатовыя заснаваць міжнародны трыбунал для разгляду яго злачынстваў".

Кангрэсмен-рэспубліканец падкрэсліў, што Расія падтрымлівае рэжым Лукашэнкі ў прапагандысцкай, фінансавай і нават вайсковай сферах, што робіць Маскву саўдзельніцай.

Старшыня падкамітэта Палаты прадстаўнікоў па пытаннях Еўропы, энергетыкі, навакольнага асяроддзя і кібербяспекі Уільям Кітынг лічыць, што дзеянні беларускага рэжыму ствараюць праблему і для Крамля. "Яны настолькі недапушчальныя, што могуць выклікаць пытанні нават у Пуціна: ён наўрад ці можа быць задаволены тым, як Лукашэнка дзейнічае, асабліва калі казаць аб прымусовай пасадцы самалёта Ryanair. Такія дзеянні толькі ўзмацняюць разлад унутры краіны, выклікаюць усё больш ціску і санкцыяў у дачыненні да Беларусі. Нягледзячы на вонкавую згоду паміж Масквой і Мінскам, я думаю, крокі Лукашэнкі не дапамагаюць яму ў адносінах з Расіяй", — мяркуе кангрэсмен.

Кітынг дадаў, што адміністрацыя ЗША каардынуе з Еўрасаюзам ціск на рэжым Лукашэнкі.

Таксама ён падзякаваў урадам Японіі і Польшчы абарону Крысціны Ціманоўскай, якую сілай хацелі адправіць у Беларусь. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі