Канкурэнцыя ў Савет Рэспублікі: 1 чалавек на 1 месца
На пасяджэнні 23 жніўня Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 56 кандыдатаў у чальцы Савета Рэспублікі. Гэта роўна столькі, колькі абіраецца на пасяджэннях дэпутатаў саветаў у кожнай вобласці і дэпутатаў Мінгарсавета — ад кожнай вобласці і Мінска па восем чалавек. Яшчэ восем прызначае кіраўнік дзяржавы.
"Вылучэнне адбылося ў адпаведнасці з законам, усе кандыдатуры адпавядаюць прад'яўленым заканадаўствам патрабаванням", — перадае БелаПАН словы старшыні Цэнтрвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай.
Кандыдаткай у Савет Рэспублікі зарэгістраваная міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна. Згодна з законам, чалец Савета Рэспублікі не можа ўваходзіць у Савет міністраў. Таму, як паведаміла Ярмошына, Шчоткіна паабяцала выйсці з урада пасля абрання ў Савет Рэспублікі.
Сярод кандыдатаў у верхнюю палату парламенту — імёны цяперашняга старшыні Савет Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча, старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Міхаіла Орды, амбасадара Беларусі ў Японіі Сяргея Рахманава, старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча, дырэктара комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой" Рыгора Бысюка ды інш.
Выбары ў Савет Рэспублікі пройдуць з 25 жніўня па 13 верасня.