Канстанцін Эгерт: Пуцін можа праглынуць Беларусь, каб патроліць Захад

Канстанцін Эгерт: Пуцін можа праглынуць Беларусь, каб патроліць Захад

Наколькі сур'ёзная чарговая прапанова інтэграцыі з Расіяй, размаўляем з калумністам Deutsche Welle Канстанцінам Эгертам.

 

Канстанцін Эгерт — расійскі журналіст, публіцыст, штотыднёвы калумніст Deutsche Welle, каментатар тэлеканала “Дождь”, былы намеснік рэдактара "Коммерсантъ FM" і былы кіраўнік Маскоўскага бюро расійскай службы BBC.

 

Еўрарадыё: Звернемся да нядаўніх падзей. Расія захапіла ўкраінскія караблі ў Керчанскім праліве. Захапілі. Што далей?

Канстанцін Эгерт: Пуцін можа праглынуць Беларусь, каб патроліць Захад

Канстанцін Эгерт: Думаю, што гэтая гісторыя будзе мець два ўзроўні наступстваў. Па-першае, у бліжэйшы час трэба будзе вырашаць, як мяняць украінскіх ваенных маракоў і ўкраінскія караблі на капітана судна “Норд”, якое мае крымскую прыпіску [украінскія памежнікі 25 сакавіка 2018 года затрымалі рыбалавецкае судна “Норд” з Керчы ў Азоўскім моры. Траўлер адканваіравалі ў Бердзянск Запарожскай вобласці. На борце знаходзіліся 10 чальцоў экіпажа. Капітана крымскага судна “Норд” Уладзіміра Гарбенку падазраюць у незаконным рыбалоўстве, а таксама ў парушэнні парадку ўезду на часова акупіраваную тэрыторыю i выезду з яе. — Еўрарадыё]. Для Пуціна гэта важна, таму што гэта першы выпадак, калі цывільнага чалавека з Крыма судзілі б за парушэнне ўкраінскага заканадаўства.

Але ёсць і іншы ўзровень — а менавіта пытанне, ці з'яўляецца Азоўскае мора надалей морам дзвюх дзяржаў? Або Расія ўжо гатова гуляць з прынцыпам свабоды суднаходства? Самы важны момант — гэта тое, што амаль на суткі расійскі бок перакрыў Керчанскі праліў. Крэмль праверыў рэакцыю міжнароднага права, прынцып свабоды суднаходства. Калі рэакцыя Еўропы і ЗША будзе ніякая, калі яны абмяжуюцца толькі заявамі, то трэба рыхтавацца да таго, што ў нейкі момант Крэмль захоча зрабіць з Азоўскага мора сваё ўнутранае мора, блакуючы ўкраінскія парты ў Марыупалі і Бердзянску. Для Пуціна гэта магчымасць паказаць, што ён можа ўплываць на Украіну, не адпраўляючы танкі праз мяжу. І, да ўсяго, гэта эканамічны ўдар па Украіне, бо пачынаючы з 2014 года абʼёмы грузаў, якія ішлі праз Марыупаль, падалі.

Еўрарадыё: Але ж Еўропа ў адказ можа адмовіцца, напрыклад, ад “Nord Sream-2”.

Канстанцін Эгерт: На жаль, “Nord Stream-2” мае ўсе шанцы адбыцца, таму што нямецкія ўлады не ўмешваюцца ў справы бізнесу, а гэта толькі бізнес-праект. “Nord Stream-2” не рэалізуецца толькі ў тым выпадку, калі амерыканскія санкцыі будуць настолькі сур’ёзныя, што заходнія інвестары проста выйдуць з гэтага праекта. Зараз Пуцін можа быць задаволены рэакцыяй Захаду, бо ёсць “Nord Stream-2”, працягвае будавацца “Турэцкі паток”. І хаця Захад спрабуе замінаць будаўніцтву “Турэцкага патоку”, але, скажам, Балгарыя можа знайсці 1,5 млрд еўра на будаўніцтва інфраструктуры на сваёй тэрыторыі (“хтосьці” можа даць ёй пад гэта крэдыт), і гэты праект рэалізуецца.

Еўрарадыё: Можа, застанемся ў рэгіёне і пагаворым пра Беларусь? Наша краіна зараз перад дзвюма палітычнымі кампаніямі — прэзідэнцкай і парламенцкай. Расія задаволеная Лукашэнкам і не збіраецца яго мяняць?

Канстанцін Эгерт: У 2024 годзе Пуцін мусіць пакінуць прэзідэнцкае крэсла. Я не веру, што ён зменіць Канстытуцыю, паздымае ўсе абмежаванні на прэзідэнцкія тэрміны і ператворыцца ў рускі варыянт туркменбашы. Яму трэба шукаць нейкае элегантнае выйсце з такой сітуацыі. Калі не змяняць Канстытуцыю, то самы прымальны варыянт для Пуціна — гэта стварэнне новай дзяржавы, якая заменіць сённяшняе не зусім зразумелае саюзнае ўтварэнне паміж Расіяй і Беларуссю на нешта больш канкрэтнае, з новым прэзідэнцтвам і новай Канстытуцыяй. Таму ціск на Аляксандра Лукашэнку з боку Расіі ў бліжэйшыя гады будзе павялічвацца. І гэты ціск можа скончыцца тым, што Лукашэнка пойдзе насустрач Маскве. Я разумею, што ён не хоча станавіцца віцэ-прэзідэнтам ці губернатарам “заходняга краю”, але ў Крамлі лічаць, што могуць яго прымусіць да саступак такога тыпу.

Пуцін яшчэ можа пайсці на гэтае новае дзяржаўнае ўтварэнне, таму што ён атрымлівае задавальненне ад тролінгу Захаду. Калі ў цяперашняга расійскага кіраўніка атрымаецца рэалізаваць гэты праект і стаць прэзідэнтам на першы тэрмін у новай краіне, то ён з радасцю скажа і Берліну, і Парыжу, і Вашынгтону: “Вы ж казалі, што Лукашэнка — апошні дыктатар Еўропы, вось я мірна вызваліў Еўропу ад дыктатара. Больш за тое, вы хацелі, каб у Беларусі нікога не каралі смерцю — то цяпер яна жыве па новым Асноўным законе і тут больш нікога не страляюць”. Мне здаецца, што для Расіі гэта вельмі прывабны сцэнар, тым больш што ён будзе мець вельмі сур'ёзны эфект у Расіі, бо зможа быць прадстаўлены як эквівалент Крыму. Радасныя браты-славяне ізноў уступаюць у шлюб з расійскім народам.

Еўрарадыё: У такім выпадку, ці ёсць у расійскай апазіцыі нейкія шанцы на выбарах у 2024 годзе?

Канстанцін Эгерт: Шанцы ёсць заўсёды, але расійская апазіцыя мусіць зразумець, што проста размоў пра карумпіраванасць цяперашняй улады недастаткова. Трэба выходзіць да выбаршчыка з новымі прапановамі. У Пуціна і яго рэжыма, якія старэюць фізічна, бачання будучыні няма. Але і апазіцыя не гаворыць пра тое, як яна бачыць рашэнне праблем. Апазіцыянеры — людзі маладыя, з досведам яны мусяць сфарміраваць сваё бачанне.

Пуцін — вельмі сур’ёзны сапернік, ён 20 гадоў знаходзіцца на вяршыні ўлады, у яго гіганцкі досвед, ён умее размаўляць з расійскім народам, у тым ліку і пра каштоўнасці. Размова пра Крым, Украіну, пра тое, што Захад падмануў Расію напрыканцы Халоднай вайны, — гэта размовы пра каштоўнасці расійскага народа. І тут ужо выклік для расійскай апазіцыі, бо сярод яе мяркуюць, што паколькі анексія Крыма была папулярная сярод народа, то гэтую тэму чапаць не трэба. Але трэба пачынаць дыскусію і пра Крым. Бо калі думаць, што “Пуцін кепскі, але на Украіну мы глядзім аднолькава”, то гэта азначае толькі адно: што ад Пуціна вы не занадта адрозніваецеся.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі