Кантрабандыст схаваўся ад беларускіх памежнікаў на дрэве
Гродзенскія памежнікі ўначы 8 верасня спынілі спробу кантрабанды цыгарэтаў у Літву. Як паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта, перад гэтым яны атрымалі аператыўную інфармацыю пра магчымую кантрабанду.
Каля вёскі Дзмісевічы Гродзенскага раёна памежнікі паспрабавалі спыніць аўтамабіль УАЗ, але кіроўца пачаў уцякаць ад іх у бок дзяржаўнай мяжы. Спыніць яго ўдалося толькі з ужываннем табельнай зброі і сродкаў прымусовага спынення.
Пры затрыманні мужчына стаў супраціўляцца, таму памежнікі ўжылі не толькі фізічную сілу, але і спецсродкі. Высветлілася, што кіроўцам быў 28-гадовы жыхар Гродна. У яго аўтамабілі выявілі 38 тысяч пачкаў цыгарэт розных найменняў на суму 114 тысяч рублёў. Цыгарэты былі спакаваныя ў поліэтыленавыя мяшкі для далейшага перамяшчэння праз мяжу.
Неўзабаве памежнікі знайшлі ў гэтым раёне і яго супольніка — 23-гадовага гродзенца. Малады чалавек схаваўся ад памежнікаў на дрэва, але яго выявіў службовы сабака. Як высветлілася, у памежную зону ён прыехаў на аўтамабілі "Мерседэс". У багажніку аўто знайшліся дзяржнумары на іншы транспарт, а таксама сертыфікаты аб праходжанні тэхагляду.
На затрыманых пачалі адміністрацыйныя справы за парушэнне памежнага рэжыму і замах на незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы. Адначасова Следчы камітэт пачаў праверку паводле ч.2 арт. 380 Крымінальнага кодэкса (падробка, выраб, выкарыстанне альбо збыт падробленых дакументаў). Максімальнае пакаранне — да трох гадоў пазбаўлення волі.