Кантралёры знайшлі на балансе Мінска 553 пустуючыя новыя кватэры
Кантралёры знайшлі на балансе Мінска 553 пустуючыя новыя кватэры. Іх перадалі Мінгарвыканкаму забудоўшчыкі. У гэтыя кватэры планавалася перасяліць людзей з дамоў, якія ішлі пад знос. Аднак патрэбы ў такіх аб'ёмах жылплошчы на такія мэты не было, піша "Беларусь сегодня".
Камітэт дзяржкантроля адзначае, што "Мінгарвыканкам не прымаў належных захадаў, каб выкарыстаць кватэры эфектыўна, да прыкладу, для скарачэння чаргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў". У сталіцы ў чарзе больш за 200 тысяч чалавек.
З 2015 года гарадскі бюджэт нясе выдаткі за фінансаванне незаселенага жылля. Гэтая сума ўжо складае 1,2 млн рублёў.
Таксама кантралёры выявілі 308 пустуючых кватэр другаснага, арэнднага жылля. І гэта пры тым, што Жыллёвы кодэкс жорстка патрабуе засяліць такое жыллё праз месяц пасля яго вызвалення. Некаторыя кватэры пустуюць больш за дзесяцігоддзе. У шэрагу выпадкаў сітуацыю тлумачаць неабходнасцю правядзення рамонту. І хаця на такія мэты знайшлі мільён рублёў, з 162 памяшканняў адрамантавалі толькі 29.
Таксама ў Мінску пустуюць 28 кватэр манеўранага, часовага фонду. Некаторыя з іх незаселеныя ўжо да 12 гадоў.