А капейкі ў вас ёсць? Можаце рэшту капейкамі даць?

А капейкі ў вас ёсць? Можаце рэшту капейкамі даць?

“А капейкі ў вас ёсць? Можаце рэшту капейкамі даць?” — Пытаецца кожны трэці пакупнік у аддзеле з напоямі ГУМа. Пачуўшы, што з капеек ёсць толькі адзінкі і пяцёркі, адмаўляюцца і бяруць старымі грашыма.

У абменніках па Мінску ад раніцы выдаюць новыя грошы. Здаецца, што людзі адмыслова ідуць памяняць валюту, каб памацаць новыя купюры. Іх фатаграфуюць, разглядаюць, тэлефануюць сваякам і знаёмым, каб абмеркаваць.

Каля аднаго з абменнікаў Еўрарадыё сустракае замежніка, ён вельмі доўга выграбае капейкі з адмысловай талерачкі. Кажа, што яны нязвыкла дробныя, таму не атрымлівалася падчапіць іх пазногцем. Але жалеза хлопца не цікавіць, ён ссыпае яго ў кішэньку гаманца і пачынае разглядаць купюры. Высвятляецца, што ў Беларусь ён прыехаў акурат у дзень дэнамінацыі 1 ліпеня, таму параўнаць старыя і новыя купюры не можа. Але новыя яму падабаюцца, “прыгожыя і на еўра не падобныя”. Беларусы думаць інакш.

Некаторыя крамы ўжо пераналадзілі касавыя апараты і лічаць суму пакупкі на новы лад.

“З вас 78 капеек, — кажа прадавачка, а чарга ля касы пачынае ўсміхацца. — Па старому гэта… ой цяжка… зараз з калькулятарам палічу! Гэта 7800 рублёў”.

Прадавачку падбадзёрваюць пакупнікі, маўляў, “нічога праз некалькі дзён прызвычаецеся, будзеце гэтыя кошты пераводзіць імгненна”.

“Складана, але працаваць жа трэба, навучымся!” — з падзякай адказвае супрацоўніца крамы.

Дарэчы, маркетолагі крамы, куды зазірнула Еўрарадыё, вельмі спрытна адпрацавалі дэнамінацыю. Большасць цэннікаў на прадукты няроўныя, знакамітыя 99 капеек у коштах дабраліся і да Беларусі.

Бліжэй да абедзеннага часу ў кавярнях у цэнтры Мінска з’яўляюцца людзі, якія, чакаючы ежу, перадаюць адзін-аднаму новыя купюры, разглядаюць і збольшага ўхваляюць дызайн. Маўляў, “ну што тут сказаць, даволі прыгожыя грошы, хіба толькі можна было меншага памеру зрабіць”.

Агулам жа, ніякага ажыятажу, ва ўсялякім выпадку ў цэнтры Мінска. Пэўная разгубленасць прысутнічае, бо не працуюць многія філіялы банкаў, абменнікі, людзі не ведаюць, ці можна ўжо разлічыцца карткай. Мінчане з разуменнем тлумачаць адзін аднаму дзе бліжэйшы банкамат ці абменнік і ўсе праблемныя пытанні хутка вырашаюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі