Капітан “Крумкачоў”: Думаў, у Мінску буду гуляць хатнія матчы, а на выездах — не
Аляксандр Скшынецкі расказаў Еўрарадыё, як прыдумалі назву клуба і што сказаў трэнер, калі з’явілсія шансы выйсці ў “вышку”.
Еўрарадыё: А адкуль назва такая — “Крумкачы”? Не кожны беларус нават ведае, хто гэта.
Скшынецкі: О, так! Шмат хто думае, што гэта назва вёскі пад Мінскам. А пайшло яно проста. Кіраўніцтва сядзела пасля футбола, пад піва назву клубу прыдумлялі. І выдумалі. Спадабалася ім вельмі. Ад пачатку хацелі нейкага звера, нехта і прапанаваў крумкачоў. Усім спадабалася.
Еўрарадыё: Раскажы, як ты пачаў гуляць у футбол?
Скшынецкі: Я з Карэліч сам. У нас там спартыўная школа была, але чыста футбольнай — не было. Ну я, як усе дзеці. Зімой — хакей, летам — футбол. Усё, што можна было. А потым неяк мы паехалі на турнір “Скураны мяч”. Абласны спачатку, потым рэспубліканскі. Супраць Слоніма мы гулялі. Іх трэнер мяне заўважыў, запрасіў да сябе. Я нават і жыў у яго, калі прыязджаў у Слонім. І ён прапанаваў на прагляд у МТЗ паехаць у Мінск. Прыязджаю, а там на год старэйшыя хлопцы. Да Шымко я трапіў, Віталя Анатольевіча. Ён цяпер у БАТЭ дзяцей трэніруе. Паглядзелі мяне. Усё добра, кажуць, мы табе патэлефануем. Ну, я дадому паехаў. А дзед мой, цяпер нябожчык ужо, кажа: “Вучыцца ідзі, які футбол нафіг”. Ну вось так. А потым раптам тэлефануюць з Мінска, 2004 год быў, восень: прыязджай, маўляў. У мяне якраз былі школьныя вакацыі, я паехаў. Далі спарынг нам згуляць супраць тых, хто ўжо быў у камандзе. Я два галы і забіў, выйгралі 4:3. Мяне ўзялі ў МТЗ, тады каманда акурат выйшла ў Вышэйшую лігу.
Еўрарадыё: А як потым стала так, што пачаў гуляць у “Крумкачах”? З Вышэйшай лігі — у аматарскую.
Скшынецкі: Ой, гэта такая гісторыя. За гэта дзякуй Лёшы Мазаніку. Мы з ім у МТЗ пазнаёміліся. Разам у юнацкую зборную нас выклікалі. Я потым, пасля МТЗ, у “Смаргоні” яшчэ гуляў, год у “Іслачы”. І думаю, блін, 24 гады, заробак 4 мільёны… А тады акурат незразумела, што з курсамі, а ў мяне жонка, як карміць, што? Пайшоў да сябра працаваць. Тут тэлефон звоніць, незнаёмы нумар. Лёха тэлефануе: “Чуў, што ты не гуляеш ужо, можа, ёсць жаданне ў другой лізе пабегаць? Там ні прэміяльных, нічога. Проста весела будзе”. Я такі: “Ну, не ведаю… Але чаму б не. У Мінску буду гуляць хатнія матчы. А на выездах хіба не — праца ў мяне”. Прыйшоў на трэніроўку і зацягнула. А пасля першага банкета вырашыў застацца. Добрая атмасфера была.
Еўрарадыё: А што за банкет быў?
Скшынецкі: Ну як, звычайны банкет. Але цікава было. Нам Дзяніс сказаў дакументы данесці, хто яшчэ не данёс. Для падачы заяўкі на чэмпіянат, другая ліга стартавала праз тыдзень. Дакументы трэба было данесці чамусьці ў рэстаран. Прыходжу, а там стол накрыты. Ну пасядзелі мы. Так я ў “Крумкачы” трапіў.
Еўрарадыё: Супраць каго першы матч быў?
Скшынецкі: На выездзе быў першы матч. З “Лівадзіяй” з Дзяржынска. Мы тады выйгралі 2:0. Я ўжо вырашыў ездзіць на выезды. Здаецца, мы тады па нядзелях гулялі, то з працы уцячы прасцей было.
Еўрарадыё: А дзе працаваў, працуеш цяпер?
Скшынецкі: У сябра, у сферы будаўніцтва. Усё робім — і дамы будуем, і цалкам аддзелку. Усё. І звонку, і знутры. Пачынаючы ад электрыкі і заканчваючы шпалерамі. Шпалеры клеім таксама. Сцены фарбуем, усё робім.
Гісторыя ФК "Крумкачы": Ішлі на піва, а трапілі ў Вышэйшую лігу
Праект “Крумкачоў” нарадзіўся на інтрэнэт-форуме газеты “Прессбол” у 2011-м годзе. Звычайныя заўзятары вырашылі аб’яднацца ў аматарскую каманду, у якой спачатку не было і 11 чалавек. Гулялі ў першынстве Мінска, а пасля матчаў ішлі на піва.
Еўрарадыё: Жонка не была супраць футбола?
Скшынецкі: О не! Жонка мая ў футболе была яшчэ да нашага знаёмства. Яна шмат з кім сябравала з футбалістаў. Нават калі я яшчэ у МТЗ быў, яна сябравала з некаторымі нашымі хлопцамі. Мяне тады, праўда, не ведала. Мы ў 2009 пазнаёміліся з ёй. У нас у сям’і наконт футбола спрэчак не бывае.
Еўрарадыё: Раскажы, як выглядае тыдзень капітана “Крумкачоў”?
Скшынецкі: Ну вось, у нядзелю ў нас матч. У панядзелак я іду на працу. У панядзелак трэніроўкі няма — нам выходны даюць. У аўторак іду на працу, вечарам пасля працы трэніроўка. Тое самае у сераду, таксама ў чацвер. У пятніцу ў нас заўсёды выходны — трэніроўкі няма, толькі праца. У суботу раніцай трэніроўка, таму я часам хадзіў на працу, а часам замест яе на трэніроўку. Мы з напарнікам вырашаем, мяняемся. Але часам аб’ект трэба скончыць, то ніяк тады. І ў нядзелю зноў матч. Ну і так цэлы год. Выходзіць, што без выхадных. Што той год, што гэты. Да бацькоў вось летам раз з’ездзіў — траўма была, тады не гуляў. І цяпер сезон скончыўся, змагу паехаць яшчэ.
Еўрарадыё: А як з працай пры такім тэмпе? Не перашкаджае футбол?
Скшынецкі: Ну тут проста. Мы ІП, самі на сябе працуем. І напарнік — мой сябра. З ім жа можна дамовіцца. Ён і сам футбол любіць. Мы з ім спачатку гулялі разам. Раз, другі. А потым мне праца была патрэбная, ён узяў мяне, навучыў.
Еўрарадыё: З уласнай кішэні шмат на футбол траціш? Альбо кіраўніцтва клуба забяспечвае?
Скшынецкі: Ну як сказаць… З лета нам заробак не плацілі. Але гэта не праблема. Бутсы я і за свае грошы куплю. Колькі працэнтаў сямейнага бюджэту я на футбол пускаю, нават і не скажу. Бутсаў на сезон мне дакладна хапае. Праўда ў залежнасці ад надвор’я розныя бутсы патрэбныя, розныя шыпы. Адны можна так купіць, што і на тры гады хопіць. Але такія звычайныя, то на сезон. Вось у мяне былі добрыя. Іх бы і на наступны хапіла, на пачатак сезона хаця б. Але мне іх парвалі на матчы, прыйшлося новыя купляць.
Еўрарадыё: Давай пра футбол. Якія любімыя каманды ў цябе? Замежныя, з беларускай, хіба, усё зразумела.
Скшынецкі: Ну так. З замежных я італьянскія люблю. “Мілан”. За “Мілан” я з дзяцінства. Майкі “Шаўчэнка” былі ў мяне. У бацькоў недзе дома, відаць, і засталіся. Вельмі хацелася б паехаць у Італію на матч чэмпіянату паглядзець. Альбо ў Англію. Ды любы топ-матч наведаць. Вельмі хацелася б паехаць у Маскву на “Адкрыццё-Арэну” паглядзець. Бачыў у інтэрнэце матчы адтуль, справаздачы. Здаецца, там атмасфера супер.
Еўрарадыё: А як “Крумкачы” змяніліся за два гады? Ты фактычна быў ад самага пачатку, пагуляў пры ўсіх трэнерах. “Крумкачы” тады і цяпер — гэта розныя каманды?
Скшынецкі: Ды якімі былі, такімі і засталіся. Проста, мне здаецца, Алег Анатольевіч (Дулуб, трэнер “Крумкачоў”, былы трэнер “Дынама-Мінск”, — Еўрарадыё) убачыў, што калі пачаць лезці да нас са сваімі пераменамі, нешта рабіць кардынальна — нічога не выйдзе. Ён зразумеў, што людзі працуюць. Гэта ўжо напрыканцы чэмпіянату, калі зразумелі, што шанец выйсці ў Вышэйшую лігу ёсць, то прасіў нас не спазняцца на трэніроўкі. А тут восень яшчэ, цямнее рана. І трэніроўкі гэтыя заканчваюцца — нічога не відаць на полі. Але ён нармальна паставіўся, моцны псіхолаг. Зразумеў, што асабліва ад нас патрабаваць нельга.
Еўрарадыё: Апошні матч, у якім выйгралі ў “Дняпра” і выйшлі ў Вышэйшую лігу, быў самым запамінальным? Альбо яшчэ былі такія?
Скшынецкі: Ну, гэты, вядома, запомніўся. А ці былі яшчэ… У 2008 у складзе “МТЗ-РІПА” я нібы стаў уладальнікам Кубка Беларусі. Але тады толькі на лаве сядзеў, на замене, не выйшаў. Але ўсё адно крута было. Яшчэ матч з “Партызанам” у другой лізе запомніўся. “Партызан” жа ўзнік на базе “МТЗ-РІПА”, а я з іх школы выйшаў. І тады у тым матчы я свой першы гол забіў за “Крумкачоў” у вароты “Партызана”. І яшчэ галявую перадачу аддаў, калі пераможны гол забівалі. Неяк так атрымалася, вельмі эмацыйная гульня была.
"Крумкачы" выйшлі ў Вышэйшую лігу (фотарэпартаж са стадыёна)
Выхад "Крумкачоў" у эліту беларускага футбола стала сенсацыяй. Таму не дзіўна, што на стадыёне спартыўна-аздараўленчага комплексу "Алімпійскі" быў ажыятаж і нямала заўзятараў не патрапілі на перапоўненыя трыбуны.
Еўрарадыё: Як капітанам стаў?
Скшынецкі: Спачатку капітанам Лёша Мазанік быў. Які мяне ў каманду клікаў. А потым яго ці то мянялі, ці яшчэ што, і ён мне павязку аддаў. А ў гэтым годзе Дзяніс Шунто (Адзін з заснавальнікаў і ўладальнік клуба, — Еўрарадыё) сказаў, што я буду. У нас такі ж прынцып, к у Іспаніі. Хто больш матчаў за каманду правёў, той і капітан. Ну вось выйшла, што я.
Еўрарадыё: Вось цяпер вы выйшлі ў Вышэйшую лігу. Што будзе з тваёй працай? Трэніравацца вечарамі пасля яе можа больш не атрымацца.
Скшынецкі: Правакацыйнае пытанне. Цяжка сказаць. Я ўжо думаў пра гэта. Цяпер мы будаўніцтвам займаемся. Але можна іншы крыху накірунак паспрабаваць. Вось пачалі сайт рабіць, хочам рэчы са шкла прадаваць там — дзверы, перагародкі, люстэркі. Развіваць бізнес. Усё адно заробкі ў футболе цяпер невялікія. А гандаль можа дазволіць і трэніравацца нармальна, не вечарамі.
Еўрарадыё: То бок ты адназначна хацеў бы у Вышэйшую лігу?
Скшынецкі: Ну вядома. Я ж ужо гуляў там. Хоць і вельмі даўно, гадоў пяць таму, хіба, быў мой апошні матч там. Хацеў бы вярнуцца, вядома хочацца там згуляць. Ну і тое, што мы за два гады з “Крумкачамі” прайшлі сюды з другой лігі, гэта яшчэ больш стымулюе.
Еўрарадыё: Іншыя футбалісты “Крумкачоў” таксама гатовыя змяніць працу, жыццё для таго, каб гуляць у Вышэйшай лізе?
Скшынецкі: Тут не скажу, трэба з імі з кожным гаварыць. А ў нас пасля матча з “Дняпром” сёння (18 лістапада, — Еўрарадыё) фактычна першая трэніроўка. Раней усе не маглі сабрацца. Вось і прэміяльныя нам паабяцалі сёння аддаць. Мы тады пасля “Дняпра” піва папілі вечарам, але больш перамогу абмяркоўвалі, чым планы на будучыню. Такі незапланаваны банкет быў. Але яшчэ будзе вялікі, кіраўніцтва абяцала. Медалі нам дадуць, яшчэ нешта.
Хто такія "Крумкачы"? Даведка Еўрарадыё
"Крумкачы" былі створаныя ў 2011 годзе як аматарская каманда. Яе ўдзельнікі пазнаёміліся, дзякуючы форуму газеты "Прессбол". Спачатку яны гулялі ў гарадской аматарскай лізе, а ў пачатку 2014 года вырашылі заявіцца ў другую лігу чэмпіянату Беларусі.
Еўрарадыё: Родныя, бацькі не адгаворваюць ад футбола? Усё ж нармальная праца ёсць, навошта.
Скшынецкі: Не, не. Як адпусцілі ў Мінск у 14 гадоў, так і пайшло нармальна. Бацька з маці нават прыязджалі на матч нядаўна, з “Іслаччу”. Мы, праўда, прайгралі тады, у нас выдалілі галкіпера. Але бацькам вельмі спадабалася. Бацька сочыць за футболам, глядзіць Лігу чэмпіёнаў. Зараз, мне падаецца, яму будзе прыемна і мяне ў Вышэйшай лізе бачыць. Калі пакажуць. Праўда, з маці былі моманты. Казала: “Заканчвай ўжо, што ты мучаешся”. Але яна проста медык, баіцца, што траўму магу атрымаць. За здароўе перажывае. Яшчэ абодва скардзяцца, што рэдка дадому прыязджаю праз свой футбол.
Сябра на днях пытаўся, з кім я цяпер буду гуляць. Кажу, што з БАТЭ, “Дынама”. Ён такі: “Што, з дублем?” Я яму тлумачу, што не, не з дублем. З асноўнымі камандамі. Сябра: “Да ну нафіг!”.
Еўрарадыё: Калі нехта ў наступным сезоне пакліча да сябе, БАТЭ, “Дынама-Мінск”, іншая каманда з “вышкі”, пагадзіўся б?
Скшынецкі: Ну ім прыйдзецца заплаціць “Крумкачам” (смяецца). А калі сур’ёзна, то я б хацеў за “Крумкачы” выйсці на поле. А там будзе бачна. Чаму не. Заўсёды можна развівацца далей.
Фота by.tribuna.com i euroradio.fm