Каранік: кожны сёмы заражаны COVID-19 у Беларусі — медыцынскі работнік
Уладзімір Каранік / Еўрарадыё
Па стане на 11 красавіка ў Беларусі зафіксаваны 301 выпадак інфікавання каранавіруснай інфекцыяй работнікаў сістэмы аховы здароўя. Пра гэта ў суботу падчас прэс-брыфінгу экспертнай місіі СААЗ заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.
"Найбольшая колькасць інфікаваных у Мінску, на другім месцы — Віцебская вобласць, на трэцім — Мінская вобласць, — расказаў міністр. — У астатніх рэгіёнах - гэта адзінкавыя выпадкі".
Па словах Караніка, Міністэрства аховы здароўя праводзіла аналіз па кожным выяўленым выпадку. Была заўважаная тэндэнцыя: менш за ўсё лекараў захварэла ў тых установах, якія былі ператвораны і падрыхтаваны для аказання медыцынскай дапамогі інфіцыраваным пацыентам.
"Персанал тут быў натуральна лепш абучаны і больш строга выконваў меры бяспекі", — падкрэсліў міністр.
Як паведамлялася раней, на сёння ў беларускіх лякарнях з пацверджаным каранавірусам знаходзіцца 2031 чалавек. Атрымліваецца, што кожны сёмы заражаны — медык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.