Карэспандэнтка Еўрарадыё наўгад набрала 22 балы па біялогіі!
Каб зрабіць усе заданні цэнтралізаванага тэставання, давялося расставіць усе крыжыкі ў адказах раўнамерна. На гэта спатрэбілася ўсяго 25 хвілін.
“Калі глядзела на бланк з адказамі — бачыла, што тут мала крыжыкаў, там мала. Ставіла, каб яны раўнамерна стаялі. А заданне В, дзе трэба пісаць, я наогул не запаўняла. Біялогію ведаю толькі са школьнага курса, а напярэдадні я наогул гуляла з сябрамі”, — прызнаецца Тамара Савіч.
Пры гэтым заданні Тамара Савіч амаль не чытала.
Нагадаем, сёлета Мінадукацыі павысіла балы, абавязковыя для паступлення ва ўніверсітэт. Па рускай і беларускай мове трэба набраць больш за 10 балаў, па фізіцы, матэматыцы і біялогіі — 15 балаў, па гісторыі, грамадствазнаўстве і замежных мовах — 20 балаў.
Летась, каб паступіць у ВНУ, трэба было набраць на тэставанні мінімум 7 балаў.
Паводле Міністэрства адукацыі, гэта дапаможа адсеяць да 30% абітурыентаў, якія не здатныя вучыцца.
“Мы проста падлічылі колькасць людзей, якія патрэбныя эканоміцы краіны. Калі дзеці праз пяць хвілін выходзяць з кабінета, то для чаго яны плацяць тыя 30 тысяч за тэставанне? Успрымаюць несур’ёзна гэтае тэставанне, нібы для бацькоў робяць”, — тлумачаць у Мінадукацыі.
Тым не менш, 37% абітурыентаў, якія здавалі фізіку — не змаглі набраць неабходныя 15 балаў. Матэматыку завалілі 32% абітурыентаў. Агулам жа на тэставанне запісаліся 117 тысяч чалавек.
Стобальнікі перад тэставаннем слухаюць System Of A Down і п’юць валер’янку
Фота: gomel.by