Католікам прапанавалі 3 ліпеня арганізаваць малітву "За Беларусь"
Беларускіх католікаў просяць арганізаваць малітву "За Беларусь!" — "ва ўсіх касцёлах і з шырокім прыцягненнем вернікаў". Ліст пра гэта ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак даслаў на імя кіраўніка Каталіцкай царквы ў Беларусі Казіміра Велікасельца.
Ранішняе набажэнства мусіць прайсці 3 ліпеня — "у памяць аб вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і прысвечанае Дню Незалежнасці Беларусі", піша ТГ-канал rerumnovarum.
Адзначаецца, што гэта акцыя пройдзе ў рамках рэспубліканскага плана мерапрыемстваў па адзначэнні Года народнага адзінства. План зацверджаны адпаведнай пастановай Саўміна.
Каталіцкая царква ўжо адрэагавала на гэтую прапанову.
"Калі будзе такая магчымасць, то просім дадаць у агульную малітву вернікаў падчас любой святой імшы 3 ліпеня заклік пра еднасць і супакой у нашай краіне, а таксама заклік пра тое, каб рашэнні, якія прымаюцца сёння, у ХХІ стагоддзі, не вялі да таго жаху, які меў месца ў ХХ стагоддзі", — паведаміў натарыюс Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Раман Страшко.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.