Каваль: У Гродне толькі лянівы не займаецца кавальствам

Еўрарадыё: Чаму пра кавалёў сёння амаль нічога не чуваць? На кавалёў нідзе не вучаць, ці няма запатрабаванасці на прафесію?

Юрась Мацко: Сёння людзей, якія называюць сябе кавалямі, вельмі шмат. У Гродна толькі лянівы не займаецца кавальствам або скурай. Сёння гэта модна. Калі я пачынаў гэтую справу, у Беларусі было два кавалі: у Глыбокім Аляксандр Дубіна  і ў Горадні Валер Атрашкевіч. Я стаў трэцім. А калі гэта стала ўжо звычайнай справай, калі на гэтым стала магчыма зарабіць, тады кавалямі сталі ўсе. Але якія традыцыі яны нясуць – гэта іншае пытанне. Вельмі шмат хто пайшоў па традыцыях продкаў, ручной працы, а іншыя пачалі займацца нейкім псеўдакавальствам. І гэта крыху прыніжае нашую прафесію, таму што так званых кавалёў шмат, а якую энергетыку яны нясуць, як яны гэта робяць, гэта іншае пытанне.

Еўрарадыё: А каб навучыцца кавальству, трэба прайсці шматгадовую школу?

 

Юрась Мацко: Безумоўна. Па-першае, гэта практыка. Па-другое, сапраўдны каваль павінен працаваць у традыцыях кавальства. Сучасныя тэхналогіі не замяняюць ручнога кавальства. Я займаюся ручной коўкай і лічу сябе кавалём. А некаторыя замяняюць уласную працу сучаснымі тэхналогіямі. Я лічу, што ў жыцці галоўнае – традыцыі.

Еўрарадыё: А чым вялікая колькасць кавалёў адбілася на вашай працы -канкурэнцыяй?

 

Юрась Мацко: Не. Канкурэнцыя – гэта калі аднолькавай якасці тавар прадаецца па розных коштах. А калі тавар не аднолькавы, а кошты аднолькавыя, гэта не канкурэнцыя, гэта спекуляцыя на прафесійнай дзейнасці.

Еўрарадыё: А хто купляе ваш тавар? І што менавіта замаўляюць?

 

Юрась Мацко: Звычайна гэта нейкія камерцыйныя ўстановы, альбо прыватны замоўца. Ён гэта цэніць і можа заплаціць. А з дапамогай кавальства можна зрабіць усё, што не страляе і ў космас не лятае. Усё астатняе можна зрабіць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі