Кавярні “Сайгон”: Санітарныя нормы парушаліся, яны складаныя для в’етнамцаў

28 кавярняў “Сайгон”, большасць з якіх месцяцца на мінскім рынку Ждановічы зачыняюць на месяц за парушэнне правілаў гігіены супрацоўнікамі і нездавальняючы санітарны стан. Праверка яшчэ ідзе, і да закрытых кропак могуць дадацца новыя.

Еўрарадыё прыгадвае тры выпадкі, калі гэтыя кавярні зачынялі. Некалькі “Сайгонаў” зачыніліся пасля расследавання журналісткі Вольгі Дзексніс увесну 2014 года, другі раз — у лютым гэтага года — Мінгандаль зачыніў дзевяць мінікавярняў. І вось цяпер! Ці не зашмат?

“Нездавальняючы санітарны стан, адсутнасць маркіроўкі, парушэнне збору адкідаў, правілаў асабістай гігіены", — пералічваюць парушэнні ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі.

"Прабачце, кафэ зачыненае на санітарны дзень", — вісіць шыльда на адным з “Сайгонаў” у Ждановічах. Але ўнутры ці ля кавярняў знаходзім супрацоўнікаў — в’етнамцаў. Унутр не пускаюць. “Усё мыем, прыбіраем”, — в’етнамец ветліва ўсміхаецца і просіць прыйсці пазней. Праўда, не ведае калі.

Міністэрства гандлю цалкам зачыніла тры кавярні "Сайгон" на Ждановічах

Кіруюся ў цэнтральны офіс сеткі, ён тут жа, на Ждановічах. Сустракае мяне галоўны інжынер ТАА "Сайгон" Уладзімір Сланчак. Да офіснага планктону не падобны — харызматычны, апрануты ў звычайную спецоўку. Па дарозе ў офіс пытаюся, ці не страшна пускаць журналістаў. Той стомлена ўсміхаецца:

"Ужо нічога не страшна, нас і так зачынілі". І нават прызнае, што, так, зачыняць кавярні ёсць за што.

"Зачынілі на месяц. Калі мы ўсе парушэнні выправім, пісьмова паведамім у санстанцыю, магчыма, адкрыемся раней", — спадзяецца Уладзімір Сланчак.

І працягвае:

"Поварамі працуюць в'етнамцы. Бо прыгатаваць в'етнамскую страву можа толькі в'етнамец. В'етнамскага повара можна навучыць зрабіць дранікі, але беларускі повар не вывучыцца як след рабіць стравы в'етнамскія. Яны працуюць у сваіх умовах, а ў Беларусі ўсе санітарныя нормы вельмі жорсткія і в'етнамцам сапраўды вельмі складана іх выконваць”.

Пра усе гэтыя парушэнні журналістка Вольга Дзексніс пісала яшчэ год таму. Узгадвала яна і парушэнне асабістай гігіены.

“Там поўная антысанітарыя была. Станоўчае там, толькі што чалавек даваў працу. Дзіўна, што там не навялі парадак. Ім першапачаткова дазволілі працаваць у такіх умовах, там у мыйцы няма гарачай вады, яна не прадугледжаная. Калі б хацелі навесці парадак, сродкаў хапіла б”, — прыгадвае Вольга.

Каля кавярняў стаяць прадпрымальнікі. Гандлярка Алена сёння без тушанай гародніны з “Сайгона” за 80 тысяч. Пра антысанітарыю і закрыццё кавярняў яны чулі, але ежу ўсё адно хваляць, бо “тараканаў няма”.

"Тушаная гародніна з цяляцінай і курыцай, — называе Алена сваю любімую страву. — Вельмі рэкамендую, каштуе гэта недзе тысяч 80 000 рублёў, дарагавата, але і долар вырас, і ўсё падаражэла. Нічога не скажу, добрая кавярня — і чыста заўсёды, тараканаў не бачыла".

"Вельмі смачна і порцыі вялікі заўсёды. Праўда, апошнім часам стала дорага", — прызнае яе суседка Аліна.

“Сайгоны” яшчэ правяраюць, а пасля вынесуць вердыкт: колькі кропак яшчэ зачыніцца. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі