Казахскі фосфар ідзе праз Беларусь па начах

Пасля “фосфарнай” трагедыі на ўкраінскай чыгунцы і адмовы Украіны прапускаць праз сваю тэрыторыю транзітам казахскі жоўты фосфар еўрапейскім пакупнікам з’явіліся чуткі, што зараз гэты небяспечны маршрут з Казахстана ў Еўропу пойдзе праз Беларусь. "Еўрапейскае радыё для Беларусі" вырашыла даведацца, ці не беспадстаўныя гэтыя чуткі. Праз Баранавічы, якія з’яўляюцца адым з найбуйнейшых транспартных вузлоў на чыгунцы, сапраўды ідзе транзіт казахскага фосфару. Толькі везці яго праз Беларусь пачалі яшчэ да аварыі ва Украіне. Пра гэта Еўрарадыё расказаў намеснік начальніка Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі па рухомым саставе Міхаіл Валадзько.

Міхаіл Валадзько: “У мяне такой інфармацыі, што ў нас пайшло павелічэнне аб’ёмаў транзітнага фосфару, няма. У нас праца як ішла, так і ідзе. Дарога дамову заключала на частку транзіту казахскага фосфару праз Беларусь, і работа гэта ідзе, як і ішла”.

Па словах чыноўніка, за 7 месяцаў праз Баранавічы прайшло 60 цыстэрнаў з казахскім фосфарам. Але аварыя чыгуначнага саставу ва Украіне не засталася незаўважнай для беларускіх чыгуначнікаў: спецыяльная камісія наноў абследавала маршрут цягнікоў з гэтым грузам.

Міхаіл Валадзько: “Выязджала дарожная камісія сумесна з аддзяленскай. Маршрут гэты абследвалі, праверылі. Мы былі гатовыя і зараз гатовыя да транзіту жоўтага фосфару праз нашу тэрыторыю, па нашым маршруце”.

Разважаючы пра прычыны ўкраінскай аварыі, намеснік начальніка Баранавіцкага аддзялення чыгункі выказаў меркаванне, што адбыцца яна магла не толькі па віне дрэннага стану чыгуначнага палатна, але і з-за дэфекту альбо паломкі цыстэрны з фосфарам. Таму, адказваючы на пытанні Еўрарадыё, асаблівую ўвагу надаў таму, як правяраецца іх тэхнічны стан.

Міхаіл Валадзько: “Там, дзе ёсць аглядчыкі вагонаў, яны аглядаюць тэхнічны стан катла, хадавой часткі колавых параў. Гэта робіцца на кожнай станцыі. Акрамя таго, ёсць пасты бяспекі на маршруце”.

Пакуль ні аглядчыкі на станцыях, ні вартавыя на пастах следавання прэтэнзій да цыстэрнаў з жоўтым фосфарам з Казахстана не выказвалі.

Міхаіл Валадзько: “У нас пакуль усё ідзе нармальна. Па жоўтым фосфары мы даем гарантыю, што праблемаў ніякіх не будзе”.

Па словах начальніка упраўлення па наглядзе за перавозкамі небяспечных грузаў дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці і атамнай энергетыцы Івана Лазара, за апошнія 7 месяцаў ніякіх здарэнняў і аварый на чыгунцы падчас транспартавання небяспечных грузаў не было.

Іван Лазар: “Не было аварый і інцыдэнтаў. Дый і скарацілі колькасць маршрутаў перавозкі. Усё жорстка кантралюецца. Абавязковае суправаджэнне”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі