Казахстан не будзе дапамагаць Расіі абыходзіць санкцыі

Казахстан не будзе дапамагаць Расіі абыходзіць санкцыі

Казахстан не стане дапамагаць Расіі абыходзіць санкцыі ЗША і Еўрасаюза. Пра гэта ў інтэрв'ю выданню Euractiv заявіў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Казахстана Цімур Сулейменаў.

Заява прагучала падчас візіту чыноўніка ў Брусель на перамовы з прадстаўнікамі ЕС.

Па словах Сулейменава, Казахстан будзе выконваць міжнародныя санкцыі. "Нягледзячы на тое, што мы з'яўляемся часткай эканамічнага саюза з Расіяй, Беларуссю ды іншымі краінамі, мы таксама з'яўляемся часткай міжнароднай супольнасці. Таму менш за ўсё мы хочам, каб да Казахстана ўжываліся другасныя санкцыі ЗША і ЕС", — патлумачыў ён.

Гаворачы пра тое, што Расія называе сваю агрэсію супраць Украіны "спецаперацыяй", Сулейменаў адзначыў, што без праблем называе рэчы сваімі імёнамі.

"Расія вырашыла ўвесці закон, які забараняе слова "вайна". Яны называюць гэта спецыяльнай ваеннай аперацыяй. Але ў Казахстане мы гэта называем так, як ёсць, на жаль", — заявіў ён.

Прадстаўнік Казахстана патлумачыў, чаму яго краіна ўстрымалася ад удзелу ў галасаванні па рэзалюцыі Генасамблеі ААН, якая заклікае да спынення вайны ва Украіне.

"Казахстан з'яўляецца чальцом і Еўразійскага эканамічнага саюза, і АДКБ, Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, таму мы з'яўляемся чальцамі і эканамічнага, і вайсковага саюзаў Расіі. Але палажэнні дагавораў не распаўсюджваюцца на гэты канкрэтны выпадак. Вядома, Расія хацела, каб мы былі больш на іх баку. Але Казахстан паважае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Мы не прызнавалі і не прызнаем ні сітуацыю з Крымам, ні сітуацыю з Данбасам, таму што іх не прызнае ААН", — падкрэсліў Сулейменаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі