Казахстан плануе скасаваць смяротнае пакаранне

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў / Reuters​
Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў / Reuters​

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў абвясціў, што плануецца скасаваць смяротнае пакаранне і далучыцца да Другога Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Ён накіраваны на скасаванне смяротнага пакарання.

Паводле дадзенага дакумента кожная дзяржава, якая далучыцца да пратакола, робіць усе неабходныя захады для скасавання смяротнага пакарання ў рамках сваёй юрысдыкцыі, паведамляе выданне "Настоящее Время".

"Надышоў час для вырашэння пытанняў, якія актыўна падымаліся нашымі праваабаронцамі. Міністэрству замежных спраў даручаецца пачаць працэдуру далучэння да Другога Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах", — заявіў прэзідэнт Казахстана 20 снежня на пасяджэнні нацыянальнай рады грамадскага даверу.

З 2003 года ў Казахстане дзейнічае мараторый на прымяненне смяротнай кары. Цяпер максімальнае пакаранне — пажыццёвае пазбаўленне волі. Пры гэтым смяротнае пакаранне як від пакарання за крымінальныя злачынствы не адмененае і праз год пасля зняцця мараторыю можа быць выкананае.

З моманту абвяшчэння незалежнасці Казахстана  былі выякананыя 536 смяротных прысудаў.

У Беларусі смяротнае пакаранне дагэтуль не скасаванае. І мараторый на яго выкананне не ўвялі. Так, 17 снежня быў выкананы смяротны прысуд 36-гадоваму Аляксандру Асіповічу. Мужчыну прызналі вінаватым у забойстве дзвюх дзяўчат — 26-гадовай Крысціны Крушкінай і 27-гадовай Алесі Клімавай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі