КДБ: Калі да вас не прыйшлі і не канфіскавалі тэхніку, то вас не праслухоўвалі

КДБ: Калі да вас не прыйшлі і не канфіскавалі тэхніку, то вас не праслухоўвалі

29 кастрычніка прэс-служба КДБ паведаміла, што ў выніку спецаперацыі была затрыманая злачынная група, якая цягам трох гадоў праслухоўвала памяшканні, тэлефонныя перамовы, узломвала электронную пошту і акаўнты Skype, Viber, WhatsApp ды сацыяльных сетак.

Як злачынцы маглі праслухоўваць тэлефоны беларусаў і як сябе абараніць

Ахвярамі зламыснікаў сталі больш за 2000 чалавек, у тым ліку, намеснік начальніка аднаго з РУУС Мінска, прадстаўнік кіраўніцтва Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, супрацоўнікі Следчага камітэта, прадстаўнікі мытных органаў, вайскоўцы, кіраўнікі і прадстаўнікі органаў улады і кіравання, дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў, а таксама журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Еўрарадыё спрабуе высветліць, ці ёсць нашы прозвішчы ў спісе ахвяраў.

“Калі да вас не прыходзілі следчыя і не канфіскоўвалі вашу тэхніку, то вас не праслухоўвалі, — каментуюць у прыёмнай КДБ. — Ну, ці калі ў бліжэйшы час з вамі не звяжуцца і не возьмуць для следчых дзеянняў вашу мабільную прыладу. Разумееце, яны ж фіксавалі нумары, за якія атрымлівалі грошы. Яны ж не са столі іх бралі. А менавіта, як паведамлялася ў СМІ, паступала замова, было столькі кліентаў… Вось па гэта кліенцкай базе следчыя і працуюць”.

То бок проста напісаць запыт ці патэлефанаваць у КДБ, каб спытацца ці праслухоўвалі вас, не атрымаецца. Каб не бавіць час у хваляваннях, супрацоўнік камітэта раіць проста пераўсталяваць сістэму на смартфоне і спакойна карыстацца ім далей.

“Правы на прыватнае жыццё людзей, якіх незаконна слухалі, парушаныя, адпаведна, іх мусяць прызнаць пацярпелымі, — разважае праваабаронца Алег Гулак. — Адпаведна, у іх з’яўляецца права ведаць, што праслухалі, як праслухалі, каму спатрэбілася гэтая інфармацыя, і ў тым ліку, патрабаваць спагнання матэрыяльнай і маральнай шкоды. А таксама яны маюць права ведаць, якія службовыя асобы мелі доступ да гэтых матэрыялаў падчас расследавання справы”.

Па словах праваабаронцы, законных падстаў для таго, каб не казаць, ці ёсць вы ў спісе пацярпелых — няма. Але і дакладнага правіла для такіх выпадкаў не прапісана. Таму пытанне даволі спрэчнае.

“Тут вялікая праблема нашага закона "Аб аператыўна вышуковай дзейнасці", — працягвае Алег Гулак. — Ён кажа, што можна знаёміцца з вынікамі таго, што на вас накапалі падчас аператыўна-вышуковых дзеянняў толькі пасля таго, як яны скончаныя. Але нідзе няма нормы, якая абавязвала б казаць, што гэтая вышуковая дзейнасць у дачыненні да асобы вялася. Заўсёды можна чалавеку сказаць, што ў дачынені да вас нічога не вялося, і ён проста не будзе ведаць, што можа нечага патрабаваць”.

Нават, калі запісы праслушкі пацярпелым дадуць толькі пасля заканчэння следчых дзеянняў, часу на тое, каб падаць іск на матэрыяльную ды маральную шкоду, павінна хапіць. На думку спадара Алега, далей можа ўзнікнуць яшчэ нямала цікавых пытанняў. Напрыклад, ці гарантуюць увогуле бяспеку перамоваў і перапісак правайдары, тэлефонныя аператары, сэрвісы і ці не яны вінаватыя ў крадзяжы прыватнай інфармацыі… Ды і ўвогуле, пакуль пад пытаннем застаецца, хто, каго і навошта праслухоўваў насамрэч.

Адзіная інфармацыя, якую пакуль апублікаваў КДБ ― на ўдзельнікаў злачыннай групы пачалі крымінальную справу за незаконны выраб, набыццё або збыт сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, учынены групай асоб па папярэдняй змове. Ім пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі. Пакуль што іх узялі пад варту.

Фота: nnews.nnov.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі