КДБ “пакуль не каментуе” начныя затрыманні
КДБ адмовіўся адказаць на пытанні пра прычыны і колькасць затрыманых мінулай ноччу, не назвалі і артыкулы, якія ім інкрымінуюць.
“Пакуль не каментуем сітуацыю, — адказалі на ўсе пытанні ў прэс-службе камітэта. — Сачыце за сайтамі ведамстваў, думаю, што недзе інфармацыя з’явіцца”.
21 сакавіка, падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую вобласць, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра затрыманне ў Беларусі баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй. Цягам дня ні адна сілавая структура не пракаментавала заяву кіраўніка краіны. А ноччу ў Мінску адбыўся шэраг затрыманняў. Дакладна вядома, што кнігараспаўсюдніка Алеся Яўдаху абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, яго брутальна затрымалі людзі ў цывільным. Таксама былі арыштаваныя адзін з былых кіраўнікоў "Белага легіёна" Міраслаў Лазоўскі і былы актывіст Андрэй Дундукоў.