КДБ: Суддзю Эканамічнага суда затрымалі за хабар

У аўторак стала вядома пра затрыманне па падазрэнню ў карупцыі суддзі Эканамічнага суда Мінска Юрыя Грушэцкага. БелаПАН паведаміў пра гэта са спасылкай на свае крыніцы ў праваахоўных органах. Затрыманне правялі супрацоўнікі КДБ. Іншыя падрабязнасці былі невядомыя.

Пазней БЕЛТА працытавала паведамленне прэс-службы КДБ. Было пацверджана, што суддзя падазраецца ў атрыманні хабару. Яму пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці (частка 3-я артыкула 430 Крымінальнага кодэкса "Атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча").

Вядома, што Грушэцкі працаваў у Эканамічным судзе крыху больш за год. Ранейшымі месцамі яго працы былі Вышэйшы гаспадарчы суд Беларусі ды гаспадарчы суд Мінска.

Нагадаем, у красавіку 2014-га быў асуджаны за карупцыйныя злачынствы на 14 гадоў пазбаўлення волі намеснік старшыні суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Магамед Умараў. Больш падрабязна пра яго справу гл. тут.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі