КДБ затрымаў падлеткаў, якія падрывалі ў лесе слоічкі з-пад ёду
Затрыманыя падлеткі з Магілёва
АНТ паказала сюжэт пра затрыманне "тэрарыстаў" — падлеткаў з Віцебска і Магілёва, якія рабілі прымітыўныя выбуховыя прылады і падрывалі з у лесе. У сюжэце гаварылася, што падлеткаў затрымалі супрацоўнікі КДБ пасля сігналу ад замежных спецслужбаў. Нібыта "адна з самых магутных заходніх спецслужбаў" запрасіла дапамогу і садзейнічанне ў выяўленні ўдзельнікаў тэлеграм-каналаў, дзе распаўсюджвалася інфармацыя аб вырабе выбухоўкі.
Затрыманыя падлеткі з Магілёва распавялі, што яны падрывалі ў лесе маленькія слоічкі з ёдам. Гэта былі "банкі невялікага памеру з сумессю пораху" і "аскепкаў як такіх не было, быў проста гучны хлапок".
Віцебскі падлетак распавёў, што "летам 2023 года ў сетцы Цік-ток наткнуўся на ролік пра піратэхніку", затым уступіў у закрыты тэлеграм-канал, дзе абмяркоўваліся пытанні стварэння выбуховых прылад. Хлопец кажа, што яму проста падабалася падрываць у лесе, было цікава "убачыць выбух".
АНТ выкарыстала ў сюжэце архіўныя відэа выбухаў і падпалаў, а таксама нацысцкую хроніку. Аўтар сюжэту падводзілі да таго, што падлеткі нібыта дзейнічалі пад кантролем "украінскіх нацысцкіх груповак", яны ў тым ліку стваралі для іх копіі тэлеграм-каналаў і перадавалі гэтыя каналы ва ўпраўленне. Падлетак з Віцебска знаходзіцца ў СІЗА. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах — "незаконныя дзеянні ў дачыненні да выбуховых рэчываў" і "падрыхтоўка да акту тэрарызму".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.