КДК і МУС год не могуць разабрацца, чаму кампосцер каштаваў як iPhone 5
Праверка дагэтуль не скончаная. Дзяржкантроль выявіў асобныя парушэнні (!) пры правядзенні працэдуры закупкі.
24 красавіка 2014 года Камітэт дзяржаўнага кантролю і Міністэрства ўнутраных спраў заявілі аб пачатку праверкі па ўмовах закупкі электронных кампосцераў. Нагадаем, адзін кампосцер абышоўся дзяржаве ў 727 даляраў.
У студзені 2015 года Еўрарадыё атрымала адказ на запыт у Камітэт дзяржкантролю. “Дзяржкантроль выявіў асобныя парушэнні (!) пры правядзенні працэдуры закупкі”. Таксама ў камітэце расказалі, што праверка будзе працягвацца, а “вінаватыя асобы будуць прыцягнуты да адказнасці”.
Праходзіць яшчэ два месяцы, Еўрарадыё цікавіцца зноў, як там праверка па закупцы валідатараў: У МУС Еўрарадыё адказваюць, што праверка праходзіць дагэтуль, і рэкамендуюць… патэлефанаваць у чэрвені.
Камітэт дзяржкантролю больш дакладны:
“Праверка прыпынялася, цяпер працягнутая. Таму раней за травень да нас не звяртайцеся па гэтым пытанні”, — адказваюць Еўрарадыё ў прэс-службе КДК.
Аб праверцы казаў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Эдуард Нікіцін. "Мы вывучым, наколькі цэнавая палітыка па гэтай угодзе адпавядае выдаткам дзяржавы — гэта 12 мільярдаў рублёў”, — заявіў тады Эдуард Нікіцін.
Па працягласці гэтай праверкі ўжо можна меркаваць аб эфектыўнасці працы КДК і МУС.
Фота: TUT.by