Хочаце як у Венесуэле? Чаму Каракас таргуецца за санкцыі, а Мінск — не?

Венесуэла і Беларусь

Венесуэла і Беларусь / @rubanau_collage

ЗША вытаргавалі ў Венесуэлы магчымасць (пакуль толькі магчымасць) правесці нармальныя выбары, на якія дапусцяць апазіцыйных кандыдатаў. Узамен Вашынгтон прыпыніць санкцыі ў дачыненні да венесуэльскай нафты.

І калі з вобразным мысленнем усё ў парадку, вы толькі што падумалі: "А калі ўжо Беларусь вытаргуе што-небудзь у абмен на зняцце санкцый?"

Першая дрэнная навіна — вось мы і дайшлі да этапу, на якім ужо хочацца хаця б "як у Венесуэле". Ёсць і іншыя (таксама дрэнныя) навіны.

 

Беларускі Гуайдо і венесуэльскі Лукашэнка

Прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета Валерый Кавалеўскі згаджаецца: так, падабенства ў палітычных раскладах Беларусі і Венесуэлы ёсць.

У Венесуэле палітычны крызіс здарыўся непасрэдна перад тым, як пачаліся пратэсты ў Беларусі. І рэакцыя міжнароднай супольнасці ў падтрымку Хуана Гуайдо (які абвясціў сябе часовым прэзідэнтам Венесуэлы. — Еўрарадыё) была даволі магутнай. Яго прызнала легітымным лідарам каля 60 краін. Але і гэта не дапамагло зрынуць рэжым (Нікаласа) Мадуры, і некаторыя краіны вымушаныя былі памяняць сваю пазіцыю.

Хотите как в Венесуэле? Почему Каракас торгуется за санкции, а Минск — нет?
Хуан Гуайдо і Святлана Ціханоўская / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Менавіта вопыт Венесуэлы, верагодна, стрымаў некаторыя дзеянні ў дачыненні да Беларусі з боку міжнароднай супольнасці. Яны не захацелі заходзіць занадта далёка, маючы перад вачыма гэты складаны прыклад.

Але вось праз некалькі гадоў палітычнага крызісу ў Венесуэле Вашынгтон змог знайсці кампраміс, які задавальняе і Мадуру, і Штаты. З аднаго боку, за Мадурам пакідаюць магчымасць удзельнічаць у выбарах — і захаваць уладу (яшчэ і атрымаць поле для эканамічнага манеўру).

З іншага боку, Штаты атрымліваюць у асобе Венесуэлы больш-менш прыязную дзяржаву, багатую энергетычнымі запасамі. А гэта зніжае залежнасць ад Саудаўскай Аравіі і ад іншых, яшчэ менш прыемных, рэжымаў, кажа палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман. Збліжэнне з Каракасам — вельмі добры вынік для амерыканцаў яшчэ і таму, што на Венесуэлу даўно і не адводзячы вачэй глядзяць і Расія, і Кітай.

Пры ўсім падабенстве рэжымаў Беларусі і Венесуэлы — якія невыпадкова так сябруюць ужо шмат гадоў, — паміж імі ўсё ж шмат адрозненняў.

Па-першае, Венесуэла — гэта краіна, багатая рэсурсамі, вялікімі пакладамі нафты. І яна мае сур'ёзны ўплыў на сусветныя кошты нафты.

Па-другое, Венесуэла знаходзіцца за межамі заходняй культурнай прасторы. І таму стаўленне да яе іншае, больш паблажлівае, чым да дыктатуры ў цэнтры Еўропы. Сёння заходнія краіны, у тым ліку амерыканцы, вымушаныя больш кампрамісна паводзіць сябе з такімі рэжымамі. Перацягнуць на свой бок Венесуэлу — гэта значыць аслабіць уплыў Кітая і Расіі ў рэгіёне. Дзеля гэтага можна шмат на што заплюшчыць вочы.

Трэці важны момант — фактар Расіі. Улады Венесуэлы вымушаныя ісці на кампрамісы з ЗША — у іх няма падмацавання, якім для рэжыму (Аляксандра) Лукашэнкі з'яўляецца рэжым (Уладзіміра) Пуціна. Таму магчымасці Мадуры абмежаваныя, і ён вымушаны круціцца.

 

Мадура — самастойны ігрок, а Лукашэнка — не

Шмат якім венесуэльцам давялося корпацца ў сметніцах у пошуках ежы, а мільёны людзей пакінулі краіну, каб будаваць новае жыццё за яе межамі, пісала Reuters. У краіне страшэнная інфляцыя. Мясцовыя жыхары тлумачаць: Учора вы схадзілі на рынак і купілі 20 розных прадуктаў, сёння на тую ж суму не купіце і паловы.

Хотите как в Венесуэле? Почему Каракас торгуется за санкции, а Минск — нет?
У Венесуэле многім проста няма чаго есці / MIGUEL GUTIERREZ/EPA/TASS

Людзі прапускаюць прыёмы ежы або спадзяюцца на дапамогу дабрачынных арганізацый. Увогуле, "эканамічныя цяжкасці" — гэта літаральна голад. Усё яшчэ хочаце як у Венесуэле?

Расія і Кітай, хоць і цікавяцца Каракасам, усё ж знаходзяцца далёка, і дапамога з іх боку абмежаваная, кажа Кавалеўскі.

І таму мы шмат гадоў назіраем моцнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Венесуэле. Што, дарэчы, і прывяло да дамоўленасцяў, якія мы назіраем: улады пайшлі насустрач апазіцыйнаму блоку.

Чаму нельга знайсці падобны кампраміс з Лукашэнкам? Таму што ён, у адрозненне ад Мадуры, на "новыя сумленныя выбары" ні за што не пагодзіцца — у яго перад вачыма дагэтуль стаіць 2020 год.

А для Мадуры нават параза на выбарах не вельмі небяспечная, — кажа Фрыдман. — Наўрад ці тая ж апазіцыя ў выпадку сыходу Мадуры будзе яго пераследаваць: яна даволі сціпла казала, маўляў, перадай уладу, сыдзі — і ўсё ў цябе будзе нармальна. Цалкам магчыма, што Мадура для сябе вытаргаваў "план Б" і на выпадак паразы на выбарах. Адыдзе ад спраў — і на гэтым усё скончыцца.

Ды і ніхто не захоча дамаўляцца з Лукашэнкам, таму што, у адрозненне ад таго ж Мадуры, ён несамастойны.

Любыя дамоўленасці з Лукашэнкам могуць быць у любы момант перакрэсленыя Расіяй. Які сэнс дамаўляцца пра нешта з чалавекам, які не з'яўляецца гаспадаром становішча? — рэзюмуе аглядальнік.

 

Мог бы зарабіць зусім іншыя грошы, але…

Ды і наогул рэжыму Лукашэнкі... не так ужо кепска жывецца пад санкцыямі, кажа Фрыдман.

Так, яны замінаюць, так, яны шкодзяць. І Лукашэнка выдатна разумее: калі б ён сёння не пад санкцыямі, ён мог бы зусім па-іншаму разгарнуць эканоміку ва ўмовах, калі пад санкцыямі знаходзіцца Расія. Мог бы зарабляць зусім іншыя грошы. Але для яго гэта ўсё не так ужо і складана, бо ў яго ёсць эканамічнае падсілкаванне ад Расіі.

Хотите как в Венесуэле? Почему Каракас торгуется за санкции, а Минск — нет?
Дагляд самалёта, на якім прыляцеў Раман Пратасевіч, 2021 год / Onliner.by

Еўрапейскі прынцып у дачыненні да санкцый — гэта прынцып злачынства і пакарання, прычым пакаранне наступае, толькі калі Лукашэнка здзяйсняе злачынства на еўрапейскім узроўні, пачынае па-сапраўднаму шкодзіць. Будуць новыя выбрыкі з боку Лукашэнкі — будуць новыя санкцыі. Вось здарыцца зноў міграцыйны крызіс — ЕС адразу ж аднагалосна прыме новы пакет санкцый. Яшчэ і Венгрыя падтрымае.

Ну а пакуль што ў іх усталяваўся статус-кво: Лукашэнка праводзіць прарасійскую палітыку, усяляк дапамагае Расіі — але праз пэўныя лініі не пераступае. То-бок сітуацыя свайго роду закансервавалася.

Кавалеўскі не згодны: так, ёсць санкцыі "за вайну", ёсць санкцыі "за самалёт". А ёсць санкцыі, якія сталі рэакцыяй на рэпрэсіі — і вось на іх дэмсілы могуць уплываць.

І менавіта Святлана Ціханоўская мае неабходную суб'ектнасць, каб дамагацца зняцця гэтых санкцый.

Дык а Лукашэнка сам гатовы таргавацца?

Так — калі б да яго прыехала дэлегацыя і на стол паклалі канкрэтную прапанову. Напрыклад, вось гэтае і гэтае адменім, калі выйдзе Бабарыка. Але гэтага не будзе, бо, па-першае, у ЕС не гандлююць закладнікамі і не прапаноўваюць выкуп. А па-другое — гэта прагучыць непрыемна і цынічна, — не гэтае зараз прыярытэт еўрапейскай палітыкі, — кажа Фрыдман.

Разумеем ваша абурэнне, мы таксама перапыталі:

У сэнсе?!

Трэба сказаць адкрытым тэкстам: праводзячы санкцыйную палітыку, у Еўрасаюзе думаюць перш за ўсё пра сябе і пра ўласныя інтарэсы. А асноўная цікавасць Еўрапейскага Саюзу ў дачыненні да Беларусі — зрабіць так, каб сітуацыя хаця б не пагоршылася. Гэта значыць, каб вайна не перакінулася на тэрыторыю Беларусі, каб беларускае войска не было задзейнічанае ў ёй. І трэцяе —  каб Беларусь не прыносіла асаблівых праблем у сувязі з міграцыйным крызісам. Вось гэткія іх асноўныя інтарэсы на цяперашні момант.

Палітвязням яны спачуваюць — пастаянна, рэгулярна паўтараючы, што палітвязні — гэта кепска. Але пры гэтым усе выдатна разумеюць, што адно патрабаванні паўплываць на рэальнасць не могуць.

 

Дзве дыктатуры, але няшчасныя па-свойму

Выходзіць, Венесуэле пашанцавала: у яе ў партнёрах ёсць ЗША, якія выступаюць за перамогу дэмакратыі ў гэтай краіне? Фрыдман нас папраўляе: Венесуэле сапраўды пашанцавала: у яе ёсць нафта, і таму ЗША выступаюць за тое, каб акрамя нафты ў Венесуэле была яшчэ і дэмакратыя.

Хто можа стаць такім неабыякавым "Вашынгтонам" для Беларусі?

Адзінай краінай, якая сёння магла б паўплываць на становішча Беларусі, Фрыдман называе Кітай.

Але і гэта нічога добрага не прынясе, таму што Кітай у дэмакратызацыі Беларусі ў прынцыпе не зацікаўлены. Так, для Кітая было б лепш, калі б у Лукашэнкі былі больш роўныя адносіны з Захадам. Але ў прынцыпе іх гэты рэжым задавальняе. А дэмакратызацыя і правы чалавека — гэта не пра Кітай, у Кітаі такімі пытаннямі не задаюцца.

Хотите как в Венесуэле? Почему Каракас торгуется за санкции, а Минск — нет?
Экс-міністр абароны Кітая ў Мінску / Пул Первого

Дарэчы, Кітай, цалкам магчыма, на сітуацыю ў Беларусі ўжо ўплывае. І той факт, што мяжу Беларусі з ЕС мігранты штурмуюць ужо не так актыўна, а беларускае войска пакуль так і не далучылася да вайны, — імаверна, заслуга таго самага Кітая.

Затужылі? А няма чаго. Кавалеўскі матывуе: галоўная надзея беларусаў — самі беларусы.

Заўсёды памятаем: менавіта барацьба беларускага народа можа прывесці да пераменаў. Барацьба і за межамі Беларусі, і ўнутры. Ніхто за нас краіну вызваляць, рэфармаваць і перабудоўваць не будзе.

У нас ёсць шмат партнёраў і саюзнікаў на Захадзе, яны гатовыя нас падтрымліваць. Але гэтая падтрымка заўсёды будзе прама прапарцыйная таму, што мы робім. Будзем рабіць больш — нас будуць больш падтрымліваць. Калі наша барацьба будзе змяншацца, не варта чакаць, што іншыя краіны будуць браць на сябе задачы, вырашаць якія павінны беларускі народ.

 

Што рабіць?

Аляксандр Фрыдман ведае, што не парадаваў вас сваім аналізам, але лічыць, што важна асэнсаваць сітуацыю. З пытаннем, што цяпер рабіць, мы звярнуліся да Кавалеўскага.

Кавалеўскі лічыць, што ціск на рэжым — гэта не толькі санкцыі.

Гэта і палітычны, і дыпламатычны ціск, і ізаляцыя рэжыму. Гэта вельмі нервуе яго на псіхалагічным узроўні — і адбірае ачкі на міжнароднай арэне. І ціск трэба захоўваць.

А яшчэ трэба звярнуць увагу на Расію, якая з'яўляецца ключом да поспеху ў захаванні ўлады Лукашэнкі. Гэта не яго палітычныя таленты, не яго дыпламатычныя здольнасці. Гэта тупое развязанне праблем праз гвалт, і такую магчымасць яму забяспечвае Расія.

Ёсць некалькі варыянтаў дзеянняў. Павінна быць поўнае непрызнанне з боку дэмакратычных краін тых пагадненняў, якія Беларусь падпісвае з Расіяй. Трэба думаць пра тое, якія санкцыі ўвесці супраць Расіі за яе ўмяшанне ў беларускія справы. Трэба вывучыць магчымасць выставіць Расіі рахунак па рэпарацыях за тое, што яны робяць супраць нашай краіны, выкарыстоўваючы Лукашэнку як інструмент.

Важна, каб міжнародная супольнасць мабілізавалася і паказала: Беларусь не з'яўляецца часткай рускага свету і зрабіла свой выбар на карысць дэмакратычнага развіцця ў 2020 годзе. Палітычныя сілы Беларусі прынялі за мэту далучэнне да ЕС — гэта тое месца, дзе мы зможам сябе захоўваць як незалежную суверэнную дзяржаву, і гэта права павінны падтрымаць нашыя партнёры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі