Хто і як хацеў раскалоць BYPOL?

BYPOL выпусціў новае расследаванне

BYPOL выпусціў новае расследаванне / @rubanau_collage

Арганізацыя BYPOL выпусціла ўласнае расследаванне пра тое, хто і як атакаваў іх і Аляксандра Азарава. У BYPOL лічаць, што кампанія па дыскрэдытацыі пачалася ў чэрвені 2023 года, падчас пачатку ўкраінскага наступлення.

На думку былых сілавікоў, рэжымы ў Мінску і Маскве баяліся, што сітуацыя ў Беларусі можа выйсці з-пад кантролю і, на фоне магчымых поспехаў УСУ, будзе запушчаны план "Перамога".

Гэтую ж інфармацыю BYPOL пацвердзілі і ўкраінскія партнёры: расійскія і беларускія спецслужбы пачалі кампанію па нейтралізацыі плана "Перамога", развале BYPOL і дыскрэдытацыі Аляксандра Азарава.

Еўрарадыё пераказвае змест новага расследавання аб'яднання былых сілавікоў Беларусі.

 

Раскол

5 чэрвеня 2023 года ў BYPOL пачаўся канфлікт, вынікам якога стала выключэнне 7 чэрвеня з праўлення Уладзіміра Жыгара і Мацвея Купрэйчыка. Прычына — адмова праходзіць паліграф, страта даверу і грубае парушэнне працоўнай дысцыпліны.

Ужо на наступны дзень, мяркуючы па словах прадстаўнікоў BYPOL, пачалася інфармацыйная атака.

Раніцай 8 чэрвеня на канале “Объединенный штаб сопротивления” выходзіць два пасты, дзе BYPOL абвінавачваецца ў працы на рэжым Лукашэнкі, Азарава абвяшчаюць агентам ГРУ Мінабароны Беларусі, а план "Перамога" называюць імітацыяй. Галоўны доказ — гэта тое, што BYPOL кішыць агентамі, — гаворыцца ў відэароліку.

Паводле сцверджанняў BYPOL, "ОШС" быў створаны 2 чэрвеня і назваў сябе "голасам беларускага падполля". Паведамляецца, што ён звязаны з іншым малавядомым каналам — “Алиса в подполье”. Адміністратар “ОШС” — Андрэй Абозаў, які пакінуў Беларусь яшчэ ў 2005 годзе.

Кто и как хотел расколоть BYPOL?
Андрэй Абозаў знаёмы з Андрэем Суздальцавым і Дзмітрыем Балкунцом / YouTube / @BYPOLofficial

У 2020 годзе Абозаў падтрымаў пратэст і прадстаўляўся каардынатарам дваровых ініцыятыў. Пазней пацвярджаў знаёмства з Дзмітрыем Балкунцом і Андрэем Суздальцавым.

 

Удзельнікі атакі

Паводле інфармацыі былых сілавікоў, практычна адразу ж атаку падхоплівае тэлеграм-канал OSINT “Феникс”, дзе выходзіць пост з рэкламай “ОШС” і “Алиса рассказывает”.

Паводле іх звестак, OSINT “Феникс” вядзе Віталь Кандраценка. Прадстаўнікі арганізацыі кажуць, што з ён знаходзіцца ў кантакце са звольненым супрацоўнікам BYPОL Уладзімірам Жыгарам, а таксама з начальнікам 2 аддзела 5 упраўлення ГУБАЗіК Сяргеем Ванагелем.

Таксама сказана, што менавіта Кандраценка апублікаваў у сеціве расійскі пашпарт Валерыя Сахашчыка, які забралі падчас ператрусу супрацоўнікі ГУБАЗіК.

— У выніку за адну раніцу ў гэтых крыніцах з'явілася чатыры пасты, што раскручваюць скандал вакол BYPOL і па стылі вельмі нагадваюць мову варожасці "Жоўтых зліваў". Абразы на адрас дэмакратычных сіл — рыхтык як у праўладных прапагандыстаў, — кажуць у аб'яднанні.

Далей, сцвярджаюць у BYPOL, у тэлеграм-канале “Водители” ў гэты ж дзень з'яўляецца рэпост з "ОШС" з абвінавачаннямі Азарава ў працы на ГРУ. Супрацоўнікі расказалі, што адміністратары "Водителей" былі затрыманыя яшчэ восенню 2020 года, а сам рэсурс з таго часу знаходзіцца пад кантролем ГУБАЗіК.

— Крыху пазней усё ў тым жа "ОШС" выходзіць пост, у якім прадстаўленыя дакументы, што нібыта пацвярджаюць сувязь Азарава са спецслужбамі. Акрамя гэтага, паведамлялася, што ва ўсе апазіцыйныя структуры, у тым ліку ў Офіс Святланы Ціханоўскай, укаранёныя агенты рэжыму Лукашэнкі.

— Увечары таго ж дня тэлеграм-канал “Водители-97” публікуе зварот Азарава пра скрадзеныя сацыяльныя сеткі. Далей гэты пост з'яўляецца ў "Жоўтых злівах", намякаючы, што прычына канфлікту — у грашах, хоць гэтае пытанне абмяркоўвалася толькі сярод супрацоўнікаў BYPOL.

Каманда BYPOL не выключае, што іх звольненыя супрацоўнікі маглі перадаць інфармацыю прапагандысцкім СМІ. 

Кто и как хотел расколоть BYPOL?
Каналы, звязаныя з інфармацыйнай атакай на BYPOL / YouTube / @BYPOLofficial

Паводле звестак BYPOL, на наступны дзень былы супрацоўнік Мацвей Купрэйчык на захопленым канале BYPOL апублікаваў відэазварот байцоў атрада "Атам", якія патрабуюць даць фінансавую справаздачнасць. Аднак падчас паездкі Азарава ва Украіну высветлілася, што ў роліку ўдзельнічала толькі двое байцоў атрада, а для масоўкі былі запрошаныя байцы палка Каліноўскага.

— Усе згаданыя вышэй каналы аж да 15 чэрвеня выпускалі кантэнт, накіраваны супраць Азарава і BYPOL.

На наступны дзень ужо канал “Минская Семибоярщина” выпускае пост, падсумоўваючы ўсё раней сказанае і называючы Аляксандра Азарава супрацоўнікам спецслужбаў.

Паводле наяўнай у BYPOL інфармацыі, да гэтага каналу мае дачыненне Анатоль Котаў выпускнік МГІМО і былы супрацоўнік Адміністрацыі і Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Акрамя таго, сцвярджаецца, што ён разам з Дзмітрыем Балкунцом быў заснавальнікам Форуму дэмакратычных сіл, які праводзіў у Берліне Валерый Цапкала.

А ўжо 9 ліпеня, паведамляе BYPOL, публікуецца расследаванне ў дачыненні да Азарава, у якім у якасці доказу прыводзіцца даведка-аб'ектыўка з Акадэміі МУС, дзе, паводле BYPOL, падроблены трэці аркуш, а таксама заменены запіс службы ў 2018-2019 гадах у 10 упраўленні ГУБАЗіК на адкамандзіраванне ў Мінабароны.

BYPOL адзначае, што такія дакументы захоўваюцца ў асабістых справах супрацоўнікаў і доступ да іх маюць толькі дзейныя прадстаўнікі спецслужбаў. 

Кто и как хотел расколоть BYPOL?
Даведка-аб'ектыўка Аляксандра Азарава / YouTube / @BYPOLofficial

У канцы былыя сілавікі робяць выснову, што супраць BYPOL, Аляксандра Азарава, плана "Перамога" і АПКБ на фоне ўкраінскага наступлення беларускія і расійскія спецслужбы правялі інфармацыйную аперацыю па дыскрэдытацыі, галоўная мэта якой — вывад BYPOL з палітычнай гульні.

— Такім чынам інфармацыя пра тое, што Азараў — агент спецслужбаў, які пасля збег у Польшчу, а план "Перамога" — не што іншае, як пастка, створаная ГУБАЗіК, распаўсюдзілася ў сеціве. Спачатку яе ўкінулі праз сетку маргінальных, звязаных паміж сабой ананімных каналаў, а далей інфармацыю падхапілі больш важкія рэсурсы і медыйныя асобы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі