У BYPOL абвясцілі вынікі аўдыту, праведзенага пасля расколу арганізацыі

Станіслаў Лупаносаў

Станіслаў Лупаносаў / BYPOL

Аўдыт, праведзены ў фондзе BYPOL, не выявіў злоўжыванняў і крадзяжоў. Пра гэта заявіў прадстаўнік арганізацыі Станіслаў Лупаносаў.

Ён паведаміў, што ўсе цяперашнія супрацоўнікі BYPOL прайшлі паліграф, а былым калегам выплацілі запазычанасць па заробках.

Па словах Лупаносава, незалежны аўдыт не выявіў у BYPOL злоўжыванняў і крадзяжоў. Сродкі выдаткоўваліся ў адпаведнасці з заканадаўствам і патрабаваннямі грантадаўцаў, якія пісьмова гэта пацвердзілі.

Прадстаўнік фонду паведаміў, што аўдытам займалася кампанія, якая ўваходзіць "у тройку польскіх аўдытараў, якія маюць допуск праверкі грантаў амерыканскіх донараў". Яе ўзгаднілі абодва бакі ў прысутнасці лідаркі дэмсіл Святланы Ціханоўскай і яе дарадцы Франка Вячоркі.

Пры гэтым Лупаносаў не ўдакладніў, які перыяд часу ахоплівала фінансавая праверка.

Аднак ён прыгразіў, што польскія праваахоўнікі "дадуць прававую ацэнку дзейнасці ўсіх асоб, якія распаўсюджваюць паклёп і абразы" наконт BYPOL. Сама ж арганізацыя пакідае за сабой права на абарону свайго гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі, у тым ліку ў судовым парадку.

Пра незалежны аўдыт загаварылі падчас расколу арганізацыі на BYPOL і BELPOL.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі