Кіеў спрабуе перашкодзіць расследаванню Bellingcat пра "вагнераўцаў" у Беларусі

Кіеў спрабуе перашкодзіць расследаванню Bellingcat пра "вагнераўцаў" у Беларусі

Украінскія медыі пішуць, што офіс Уладзіміра Зяленскага спрабуе перашкодзіць расследаванню Bellingcat пра "вагнераўцаў" у Беларусі. Каб не дапусціць выхаду фільма пра захоп і вяртанне байцоў ПВК "Вагнер" Расіі, украінцы звярталіся нават у брытанскую разведку Мі-6. Але там адмовілі — маўляў, у нас свабода слова.

Аўтару будучага фільма-расследавання аб спецаперацыі Хрыста Грозеву (дарэчы, ён жа рабіў расследаванне аб атручванні Аляксея Навальнага) тэлефанаваў асабіста кіраўнік офіса Зяленскага Андрэй Ярмак, які хацеў даведацца пра падрабязнасці.

Што небяспечнага для Зяленскага можа быць у фільме? У снежні 2020 года экс-прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка назваў зрыў аперацыі з "вагнераўцамі" здрадай дзяржаве, за якой "стаяць канкрэтныя людзі". Але ніякай канкрэтыкі не дадаў. Фільм, які рыхтуе журналіст-расследвальнік Хрыста Грозеў, мусіць выйсці ў першай палове 2021 года.

29 ліпеня пад Мінскам затрымалі групу з 33 чалавек. Хутка высветлілася, што гэта байцы расійскай прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер". Украіна спрабавала дамагчыся іх выдачы ("вагнераўцаў" падазраюць у злачынствах на яе тэрыторыі), аднак беларускія ўлады перадалі затрыманых Расіі. Пры гэтым КДБ першапачаткова казаў, што "вагнараўцы" прыляцелі ў Беларусь дзеля "дэстабілізацыі" перад выбарамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі