"Кім — адзіны поўны чалавек, якога бачыў": беларус пабываў у Пхеньяне

Калмыкоў: "Яны мала ядуць, мала спяць, у іх жыцці шмат фізічнай працы і дурной ідэалогіі".

Калмыкоў: "Яны мала ядуць, мала спяць, у іх жыцці шмат фізічнай працы і дурной ідэалогіі". / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У Пхеньяне турысту з Беларусі, экс-прадзюсару "Ляпісаў" Яўгену Калмыкову нічога не забаранялі. Наўпрост. Але калі мясцовыя ўцякалі ад фотаапарата, Жэня разумеў, што фатаграфаваць іх нельга. А потым ён убачыў, як маленькай худзенькай жанчыне "незаўважна" далі пад дых толькі за тое, што загледзелася на высокага замежніка. Стала ясна, што і пагаварыць з кімсьці, акрамя вайскоўцаў ці карэйскіх "чэкістаў", яму не ўдасца.

19 чэрвеня Уладзімір Пуцін у Пхеньяне будзе кланяцца помнікам, прадказвае праграму расійскага прэзідэнта Калмыкоў. Яму таксама даводзілася кланяцца помнікам.

— Сёння ўвесь свет абмяркоўвае, навошта Пуцін сустракаецца з Кім Чэн Ынам, але гэтыя два чалавекі нізашто не скажуць, навошта яны сустрэліся насамрэч. Яны будуць казаць усякую лухту пра непарушную дружбу, але ўсе гэтыя словы не будуць мець ніякага дачынення да рэальнасці, — кажа Калмыкоў.

Як не мела дачынення да рэальнасці і ўсё, пра што Калмыкову ў Пхеньяне расказвалі "гіды". Мы распыталі яго пра тое, што ляжыць на прылаўках у паўночнакарэйскіх крамах, і пра тое, чаму экскурсаводка плакала, праводзячы групу замежных турыстаў.

 

"Пакратаў дыню і зразумеў, што яна ляжыць ужо з паўгода, адна скарыначка засталася"

— І вось вы прылятаеце ў Пхеньян. Дзе вас пасялілі?

— Усе замежнікі ў Пхеньяне жывуць у адным гатэлі. Горад знаходзіцца на берагах ракі Тэданган, і на востраве пасярод гэтай ракі і знаходзіцца страла гатэля. Трапіць на востраў можна толькі праз доўгі мост. Табе кажуць: так-так, хадзіць можна свабодна, куды хочаш! Але як толькі ты выходзіш на гэты мост, адразу заўважаеш, што за табой ідуць "гіды". І яны ўсяляк спрабуюць вярнуць цябе на востраў.

“Ким — единственный полный человек, которого видел”: белорус побывал в Пхеньяне
Фестываль Арыран на стадыёне ў Паўночнай Карэі. Унесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса як адно з самых грандыёзных шоу ў свеце / Яўген Калмыкоў

Мы шмат ездзілі па краіне, але ўсюды сустракалі турыстаў з нашага гатэля. Рабілася зразумела, што нас усіх водзяць аднымі і тымі ж сцежкамі, перад вамі разыгрываюць прадстаўленне. Але я рос у Савецкім Саюзе, так што магу распазнаць "пацёмкінскія вёскі" [бутафорскія вёскі, якія ўзводзіліся ўздоўж маршруту расійскай імператрыцы. — Еўрарадыё].

Ды і было некалькі эпізодаў, з якіх я зразумеў, што нас разводзяць. Першы — у метро.

У Паўночнай Карэі ўсе людзі вельмі худзенькія і невысокія — каля 1,5 метра ростам. Таму я са сваім ростам — высокі, доўгі — там быў вельмі прыкметны. У цягнік метро там трэба заходзіць хутка, а адна жанчына, убачыўшы мяне, абамлела. І мужычок, які стаяў побач з ёю, непрыкметна (але я заўважыў) даў ёй кулаком пад дых. Яна не ўскрыкнула — проста сагнулася, села ў цягнік і паехала далей. А я выйшаў.

Быў іншы падобны эпізод. Нас вадзілі на футбол, зборная Паўночнай Карэі гуляла са зборнай Таджыкістана. Замежнікі сядзелі на віп-трыбуне. Адзін хлопец запаволіўся ля ўваходу, заўважыўшы замежнікаў, і таксама атрымаў ад сек'юрыці ўдар пад дых.

“Ким — единственный полный человек, которого видел”: белорус побывал в Пхеньяне
Яўген Калмыкоў на стадыёне ў КНДР / фота з асабістага архіва суразмоўцы Еўрарадыё

Фатаграфаваць? Тэлефон па прылёце ў цябе адбіраюць, фотаапарацікі можна, але фатаграфаваць можна не ўсё. Непасрэдных забаронаў няма, ты сам мусіш зразумець, што не трэба чагосьці рабіць. Табе не забараняюць фатаграфаваць людзей, але тыя ўцякаюць ад цябе. Чаму? Табе кажуць — ну проста ў нас, у карэйцаў, так не прынята.

— Вы сказалі, усе там худзенькія. У апошнія некалькі гадоў у медыя пастаянна пішуць пра голад у КНДР. Чым кармілі вас? Што там ляжыць на паліцах у крамах?

— Гэта дзіўна, але як такой крамы — месца, дзе затарваюцца звычайныя людзі — я так і не ўбачыў. Хоць я ўвесь час пытаў: а дзе ўсе тарацца? Мяне адвялі ў краму, якая падобная на нешта сярэдняе паміж ВДНГ і савецкай "Бярозкай". Ну ці такі вялікі "ГУМ", куды відавочна пускаюць не ўсіх.

Ды там і няма чаго рабіць людзям — там прадаюцца посуд, нацыянальныя ўборы і гастраномія. І вось гастраномія — гэта акурат такая выстава на ВДНГ. Напрыклад, ляжыць пяць вялікіх дыняў. Думаю — можа, дыню купіць? Пакратаў дыню і зразумеў, што яна ляжыць ужо з паўгода, адна скарыначка засталася, а ўнутры даўно гнілая.

Вельмі хацеў купіць вопратку, якую яны носяць, нешта сярэдняе паміж робай і касцюмам шэрага колеру ці хакі. Мне ўвесь час казалі, што гэта не праблема, але тэму замыльвалі, і я так і не ўбачыў, дзе яны прадаюцца.

“Ким — единственный полный человек, которого видел”: белорус побывал в Пхеньяне
Яўген Калмыкоў у паўночнакарэйскім рэстаране / фота суразмоўцы Еўрарадыё

Санаторыі, у якіх мы спыняліся, рэстараны, у якіх мы сілкаваліся, — мы сустракалі там толькі вайскоўцаў. Гэта прывілеяваны клас грамадства. У кнізе "Ідэі Чучхе" апісваецца, што вайскоўцы — рухальны і клас грамадства, кіроўная сіла. Іх задача — ахова і выкананне загадаў правадыра.

 

"Яна адказала: я шкадую, што вы так і не змаглі палюбіць маю краіну"

— Людзям хочацца выбрацца адтуль?

— Я думаю, людзі розныя. Ды і каб хацець выбрацца, трэба ўбачыць іншы свет. А гэта можа сабе дазволіць толькі вайсковая эліта.

Я быў у іх піянерскім лагеры. Там на ўваходзе — мазаіка ў выглядзе карты свету. На яе нанесеныя ўсе мацерыкі, а краіны пазначаныя контурамі. І толькі адна краіна пазначаная колерам — Паўночная Карэя. На іх глобусе ёсць толькі адна краіна.

“Ким — единственный полный человек, которого видел”: белорус побывал в Пхеньяне
Яўген Калмыкоў у дзіцячым паўночнакарэйскім лагеры / фота суразмоўцы Еўрарадыё

Але там ёсць другія і трэція пласты, хоць турысту іх складана разгледзець. Там ездзяць іншамаркі. Я пытаў: а адкуль на дарогах гэтыя іншамарачкі? З Японіі. А як жа так? Ну, вось вайскоўцы могуць іх атрымаць. І мабільнікі могуць атрымаць. А ў вайскоўца ёсць сын і жонка, яны ўжо трохі больш ведаюць пра свет, могуць з'ездзіць у Кітай і ўбачыць, што ў Паўночнай Карэі не ўсё адназначна.

Але большасць калі і здагадваецца, што з імі адбываецца, то хавае гэта вельмі глыбока. Але я ўпэўнены, што большасць шчыра любіць сваю краіну і свайго правадыра. Ён, дарэчы, прыкметна адрозніваецца ад усіх. Гэта адзіны поўны чалавек, якога я бачыў у КНДР.

Нашу групу суправаджала вельмі сімпатычная, вельмі таварыская экскурсаводка. Яна выдатна ведае рускую. Яна адзіны сапраўдны краязнаўца, а не камітэтчык, якія ў асноўным былі з намі.

Калі я з'язджаў, яна плакала. Я спытаў: чаму ты плачаш? Яна адказала: я шкадую, што вы так і не змаглі палюбіць маю краіну.

— Як яна гэта зразумела?

— Ой, ну вядома ж, з нашых рэплік. У групе сабраліся людзі з творчага асяроддзя. Мы стрымліваліся, але ўсё роўна ўвесь час адпускалі рэплікі накшталт "Ой, а можна больш не кланяцца помнікам?" Там тры тыпы помнікаў: правадыру Кім Ір Сену, яго сыну Кім Чэн Іру і яго ўнуку, цяперашняму кіраўніку Кім Чэн Ыну. Калі я быў у КНДР, ва ўладзе там яшчэ быў Кім Чэн Ір.

Неяк нас павезлі ў палац Кім Ір Сена. Ён падобны на лукашэнкаўскі, толькі шыкоўнейшы. І маршрут зроблены так, што па дарозе да пахавальні цябе ўся атмасфера падводзіць да таго, што трэба будзе пакланіцца. Я іду думаю: ды не, нафіг, не буду. Але на цябе глядзяць тысячы вачэй. І ты вырашаеш — ды фіг з ім, пакланюся.

“Ким — единственный полный человек, которого видел”: белорус побывал в Пхеньяне
Замежныя турысты перад помнікам паўночнакарэйскаму правадыру / Яўген Калмыкоў

Пасля гэтага я абвясціў, што кепска сябе адчуваю і ўжо не магу нікуды ехаць. На дзень застаўся ў гатэлі — затое аблазіў яго ўвесь, паглядзеў, як там арганізаваны сэрвіс, якія крамкі ёсць на тэрыторыі. Нашая экскурсаводка гэта бачыла і разумела, чаму. І калі мы сцябемся — таксама разумела.

 

"Мне проста шкада людзей, яны не горшыя і не лепшыя, чым усе астатнія людзі на свеце"

— Часта кажуць, што ў Беларусі ўжо няма куды закручваць гайкі. Беларусь можна ператварыць у КНДР? Ці там нейкія іншыя людзі, і за межамі Паўночнай Карэі такое паўтарыць немагчыма?

— Вядома, можна закруціць гайкі. Бо ёсць турма. І так, як у турме, можа жыць увесь народ. Гэтым лёгка кіраваць — з дапамогай голаду.

Так, беларусам больш уласцівая пазіцыя "мая хата з краю", а паўночнакарэйцы і самі імкнуцца да калектывізацыі. Але ў нейкім выглядзе гэта можна паўтарыць і ў Беларусі.

Калі пачынаеш мець зносіны з імі, ты бачыш і чалавечае. Я ж звёз адтуль і шмат цяпла.

І мне проста шкада людзей, бо яны не лепшыя і не горшыя, чым усе астатнія людзі. Але яны змешчаныя ў пэўныя абставіны: мала ядуць, мала спяць, у іх жыцці шмат фізічнай працы і дурной ідэалогіі, якая скіраваная не на індывідуальнае развіццё, а на тое, каб ты быў шрубкай у сістэме.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі