Кім Чэн Ын разам з Шайгу і госцем з КНР прыняў парад
Парад у Паўночнай Карэі з нагоды 70-годдзя заканчэння вайны / ЦТАК, Reuters
У КНДР адзначаюць свой дзень перамогі — 70-ю гадавіну заканчэння Карэйскай вайны. Напярэдадні вечарам з гэтай нагоды ў Пхеньяне адбыўся вайсковы парад. На трыбунах побач з кіраўніком Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам стаялі міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу і чалец Палітбюро Камуністычнай партыі Кітая Лі Хунчжун. І гэта важны момант, адзначае Reuters.
Раней Масква і Пекін імкнуліся дыстанцыявацца ад тэмы паўночнакарэйскай ядзернай зброі і балістычных ракет. З 2006 года краіна знаходзіцца пад санкцыямі ААН за свае ракетныя і ядзерныя праграмы. Але цяпер, відавочна, сітуацыя змянілася. На кадрах паўночнакарэйскага ТБ відаць, што Кім Чэн Ын і Шайгу размаўлялі, смяяліся, а таксама бралі пад казырок, калі міма трыбун маршыравалі паўночнакарэйскія войскі і везлі зброю. Сярод зброі былі і найноўшыя міжкантынентальныя балістычныя ракеты, здольныя несці ядзерную зброю і, як мяркуюць эксперты, дасягнуць цэлі ў любым пункце Злучаных Штатаў. Гледачам таксама паказалі новыя ўдарныя беспілотнікі.
У гонар Шайгу ў КНДР быў арганізаваны абед, дзе Кім Чэн Ын пакляўся ў салідарнасці з расійскім народам і яго ўзброенымі сіламі. Шайгу назваў паўночнакарэйскіх вайскоўцаў самымі моцнымі ў свеце. Бакі абмеркавалі стратэгічнае супрацоўніцтва ў галіне бяспекі і абароны, паведаміла паўночнакарэйскае агенцтва ЦТАК. А на іншай сустрэчы Шайгу зачытаў віншавальную прамову прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, у якой Пуцін падзякаваў Паўночнай Карэі за яе падтрымку падчас "спецыяльнай ваеннай аперацыі" ва Украіне. У ЗША лічаць, што КНДР дапамагае Расіі ў вайне супраць Украіны, пастаўляючы зброю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.