Кіраўнік ЦРУ таемна наведаў Афганістан
Кіраўнік ЦРУ Уільям Бёрнс на гэтым тыдні таемна наведаў Афганістан. Яго мэтай былі перамовы з лідарамі руху "Талібан".
Абмяркоўвалася ключавое пытанне для ЗША — павелічэнне часу на эвакуацыю людзей з краіны. Пра гэта паведамляе The New York Times.
Эвакуацыя з Афганістана, кантроль над якім усталявалі талібы, — вельмі адчувальнае пытанне для амерыканцаў. Амерыканскія вайскоўцы кантралююць аэрапорт Кабула, які застаецца адзіным каналам, праз які "Талібан" дазваляе вывозіць людзей. Вакол аэрапорта сабралася некалькі тысяч жадаючых вылецець з краіны. Вядомыя выпадкі, калі яны прарываліся на ўзлётна-пасадачную паласу і нават спрабавалі трапіць у люкі для шасі — каб толькі не заставацца пад уладай талібаў.
Аднак перамовы кіраўніка ЦРУ з "Талібанам" скончыліся няўдала. Талібы не маюць намеру дазваляць вывозіць людзей з Кабула пасля 31 жніўня. Ужо цяпер баевікі руху перакрылі дарогу ў аэрапорт і прапускаюць толькі замежнікаў.
Паведамлялася, што як мінімум 14 грамадзянаў Беларусі, уладальнікаў беларускага ВНЖ ці іх сваякоў хочуць пакінуць Кабул, але пакуль не могуць гэтага зрабіць. Спіс склалі супрацоўнікі амбасады Беларусі ў Таджыкістане, якая па сумяшчальніцтве працуе і ў Афганістане.
Усяго ў спісе на вечар 21 жніўня было 16 чалавек. Аднаго атрымалася эвакуяваць. Яшчэ аднаго выкраслілі, бо ён "згубіў права мець від на жыхарства", распавёў амбасадар Беларусі ў Таджыкістане і Афганістане Алег Іваноў. Эвакуацыйны рэйс можа адбыцца на наступным тыдні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.