Мінскі кіраўнік воінаў-"афганцаў" расказаў, як правільна красці бараноў
Уладзімір Шокаў / БЕЛТА
Пра марадзёрства савецкіх воінаў расказаў агенцтву БЕЛТА старшыня Мінскай гарадской арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Уладзімір Шокаў.
Па яго словах, савецкія разведчыкі ніколі не вярталіся з пустымі рукамі — іх здабычу Шокаў называе "трафеямі". Па яго словах, разведчыкі маглі вярнуцца і з крэмневай стрэльбай, і з роварам. А аднаго разу прыйшлі з трыма баранамі.
"Толькі пачынаем разбірацца, паступае скарга ад генерала арміі Варэннікава: "Вашы марадзёры скралі трох бараноў!" Я кажу камандзіру роты: "Які ж ты бесталковы, таварыш старшы лейтэнант. Вы маглі скрасці двух, чатырох, шэсць, сто бараноў і нічога б вам не было, а вы звалаклі парную лічбу!" Справа ў тым, што краіна непісьменная, пастухі непісьменныя, і калі заганяюць тую ці іншую атару, якая некалькі соцень налічвае, то лічаць парамі. Як не парная, пастуха за шманты і пытаюцца: "Хто?" А ён і адказвае, вядома: "Савецкі". Так я прымусіў салдат вывучыць асаблівасці і звычаі краіны і ўлічваць іх", — згадвае былы "афганец".
Па словах Шокава, усе атрымалі спагнанне ад генерала Варэннікава.
Зрэшты, сам Шокаў марадзёрства так і не асудзіў — сказаў, што гэта "нюансы, і смешныя, і сумныя".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.