Кіраўнік гродзенскага БНФ падаў у суд на тэлерадыёкампанію “Гродна”

Кіраўнік гродзенскага БНФ падаў у суд на тэлерадыёкампанію “Гродна”

Старшыня гродзенскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў падаў падаў у суд заяву аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Адказчыкам выступае тэлерадыёкампанія “Гродна”, паведамляе прэс-служба БАЖ.

Падставай для пазову стаў відэасюжэт “Маршам у нікуды”, паказаны ў тэлеэфіры 17 красавіка. Пазней ён з'явіўся на афіцыйным Youtube-канале Тэлерадыёкампаніі "Гродна". У самім фільме не былі пазначаныя ні аўтары, ні адказныя за выпуск асобы. 

Саранчукоў лічыць, што абнародаваная ў фільме інфармацыя не адпавядае рэчаіснасці і зневажае яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.

У сваёй заяве ён піша, што ў фільме выкарыстоўваюцца кадры, якія нагадваюць аператыўныя здымкі сілавых органаў. З’яўленне гэтых кадраў у распараджэнні тэлерадыёкампаніі, на думку апазіцыянера, можа сведчыць пра ўцечку аператыўных матэрыялаў ад супрацоўнікаў МУС. Выкарыстанне такіх кадраў у фільме ён лічыць грубым умяшальніцтвам у сваё асабістае жыццё.

"Выкарыстанне ў эфіры кадраў, на якіх знаходзіцца мой непаўнагадовы сын, без атрымання згоды ягоных законных прадстаўнікоў з’яўляецца незаконным і можа пагражаць ягонай бяспецы.

Выкарыстанне ў фільме выразаных з кантэксту кадраў з майго выступу як кандыдата ў дэпутаты і накладанне іх на сучасныя падзеі стварае наўмысна сфальсіфікаваны вобраз і з’яўляецца абразай майго гонару.

Беспадстаўнае і хлуслівае сцвярджэнне аўтараў гэтага відэаматэрыялу, што я нібыта фіктыўна займаюся рамесніцкай дзейнасцю, наносіць шкоду маёй дзелавой рэпутацыі і з'яўляецца недапушчальным", — піша Саранчукоў у сваёй заяве.

Палітык просіць суд прызнаць звесткі пра яго, распаўсюджаныя ў відэасюжэце “Маршам у нікуды”, не адпаведнымі рэчаіснасці і зневажальнымі. Ён хоча, каб тэлерадыёкампанія "Гродна" абвергла іх ў вечаровым эфіры на канале "Беларусь-4".

Аналагічную скаргу Саранчукоў дасылаў больш за месяц таму ў пракуратуру Гродзенскай вобласці, але адказу так і не атрымаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі