Кіраўнік Магілёўшчыны спыніў справу на вяскоўцаў за развядзенне свіней
У адпаведнасці з яго рашэннем, жыхарам вобласці дазволілі разводзіць жывёл у 1-кіламетровай зоне ад свінафермаў.
Пра гэта жыхар вёскі Сумарокава Віктар Гаўрыкаў і жыхар вёскі Палыкавічы Андрэй Ліпецкі даведаліся падчас прыёму ў старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка. Расказвае Андрэй Ліпецкі:
“Быў закон аб 5-кіламетровай санітарнай зоне каля свінафермаў у сувязі з пагрозай афрыканскай чумы свіней. Цяпер распрацавалі новы — уводзіцца 1-кіламетровая санітарная зона. Калі ў 5-кіламетровай зоне прафілактыка робіцца неналежным чынам, то і туды можна занесці гэтую заразу, а калі ўсе засцерагальныя меры выконваюцца, то тады ўсё будзе добра і ў 1-кіламетровай зоне пры наяўнасці гэтай інфекцыі. Трэба было ісці да кіраўніка вобласці, каб ён вырашыў гэтае пытанне, бо мясцовыя чыноўнікі былі не ў стане гэта зрабіць”.
Андрэй Ліпецкі адзначае, што яго падворак знаходзіцца яшчэ бліжэй да свінакомплекса — за 800-900 метраў, аднак і гэтая адлегласць не засмуціла Пятра Рудніка — ён даў дазвол на развядзенне свіней і так.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што прыём у кіраўніка вобласці нечакана змяніў сітуацыю для свінаводаў Магілёўшчыны:
“Людзям не давалі ні гадаваць, ні забіваць свіней. Свіней можна было здаваць толькі на мясакамбінат ці ў “Райспажыўсаюз”, але за гэта яны маглі атрымаць толькі капейкі. Наўпрост гандляваць свінінай на рынку не давалі, бо ім не выдавалі ветэрынарных даведак і іншых дакументаў. На маці Андрэя Ліпецкага была заведзеная адміністрацыйная справа за тое, што яна не ліквідавала свіней у 5-кіламетровай зоне. 12 верасня быў прызначаны разгляд адміністрацыйнай справы адміністрацыйнай камісіяй Магілёўскага райвыканкама. У той жа дзень быў прыём у Пятра Рудніка ў гэтым жа райвыканкаме. Ліпецкія зайшлі і расказалі, у якой сітуацыі яны знаходзяцца”.
Праваабаронца адзначае, што на прыёме Пётр Руднік нечакана загадаў зараз жа зладзіць адміністрацыйны працэс, дзе ён будзе старшынёй камісіі. Па яго выніках адміністрацыйная справа на свінаводаў была спыненая.
Спецыяльна для праграмы Кардыяграма