Кіраўнік Microsoft распавёў аб ролі АНБ у глабальнай кібератацы

Кіраўнік Microsoft распавёў аб ролі АНБ у глабальнай кібератацы

Самая буйная за апошні час кібератака віруса-вымагальніка WannaCry звязаная з крадзяжом звестак пра ўразлівасці праграм з амерыканскага Агенцтва нацыянальнай бяспекі (АНБ). Пра гэта ў сваім блогу заявіў прэзідэнт Microsoft Брэд Сміт, перадае Бі-Бі-Сі.

Ён нагадаў, што раней звесткі пра ўразлівасці, якія збірала ЦРУ, з'явіліся на "Вікілікс". "Зараз скрадзеныя ў АНБ дадзеныя пра ўразлівасці ўдарылі па карыстальніках па ўсім свеце", — падкрэсліў Сміт. Ён параўнаў гэты крадзеж з крадзяжом ракет "Тамагаўк" у амерыканскага войска. 

Кіраўнік Microsoft мяркуе, што ўлады павінны не назапашваць у сябе дадзеныя пра ўразлівасці, а перадаваць іх распрацоўшчыкам. Тыя ж, у сваю чаргу, змаглі б ліквідаваць гэтыя ўразлівасці і павысіць бяспеку камп'ютарных сетак.

Нагадаем, што 12 траўня праграма-вымагальнік WannaCry заблакавала дзясяткі тысяч камп'ютараў ва ўсім свеце. Вірус шыфруе файлы карыстальніка, так што іх немагчыма выкарыстаць. Расшыфраваць файлы хакеры прапаноўваюць за пэўную суму ў біткойнах. 

Для нападу скарысталі мадыфікаваную праграму EternalBlue, якую група хакераў The Shadow Brokers скрала ў хакераў з Equation Group. У "Вікілікс" пісалі, што Equation Group звязаная з Агенцтвам нацыянальнай бяспекі ЗША.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі