Кіраўнікі ЕС: Эканамічныя санкцыі супраць Расіі пачнуць дзейнічаць 1 жніўня
Еўрасаюз афіцыйна пацвердзіў, што ўзгадніў у аўторак пакет дадатковых абмежавальных мер.
Яны накіраваныя "на сектаральнае супрацоўніцтва і [гандлёвыя] абмены з Расійскай Федэрацыяй". Пра гэта гаворыцца ў заяве старшыні Еўрасавета Хермана ван Рампея і старшыні Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу.
Новыя санкцыі забароняць экспарт з ЕС у Расію прадукцыі для глыбокаводнай нафтаразведкі, арктычнай разведкі і вытворчасці нафты, праектаў сланцавай нафты, інфармуе РІА "Новости". У "чорны спіс" дадалі імёны 8 чалавек і 3 юрыдычных асоб. Іх назавуць 30 ліпеня.
Нагадаем, Еўрасаюз увёў эканамічныя санкцыі ў адказ на дзеянні Расіі ва Украіне. Лідары ЕС падкрэслілі, што Еўрасаюз гатовы адмяніць эканамічныя санкцыі супраць Расіі, калі Масква пачне актыўна ўдзельнічаць у пошуках вырашэння крызісу ва Украіне.
Фота — Reuters