Кіраўнікі ўрадаў ЕўрАзЭС падпісалі ўзаемнае прызнанне пасведчанняў кіроўцаў
На пасяджэнні Еўразійскага міжурадавага савета ў Астане кіраўнікі ўрадаў краін — удзельніц ЕўрАзЭС падпісалі шэраг дакументаў, у тым ліку па ўзаемным прызнанні нацыянальных і міжнародных пасведчанняў кіроўцы, піша расійская "Парламентская газета".
На пасяджэнні былі падпісаныя даручэнні па падрыхтоўцы асноўных напрамкаў рэалізацыі лічбавага парадку дня наднацыянальнага аб'яднання, а таксама аб працы над праектам пагаднення па механізме сачэння за перамяшчэннем тавараў на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.
Кіраўнікі ўрадаў ЕўрАзЭС загадалі стварыць камісію па расследаванні авіяздарэнняў ў рамках Саюза. Яны даручылі зрабіць больш пільным маніторынг дэкларавання тавараў з Кітая на агульнай мытні.
Таксама ўдзельнікі пасяджэння выдалі даручэнне, звязанае з узаемным прызнаннем нацыянальных і міжнародных пасведчанняў кіроўцы, выдадзеных у адной дзяржаве — чальцы Саюза для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі іншай краіны аб'яднання.
Кіраўнікі ўрадаў зацвердзілі "дарожную карту" па ажыццяўленні асноўных напрамкаў скаардынаванай транспартнай палітыкі ў галіне авіятранспарту на 2018-2020 гады.