Кіроўца спіртзавода спрабаваў скрасці з прадпрыемства 150 л спірту
У Карэліцкім раёне кіроўца спіртзавода спрабаваў скрасці з прадпрыемства 150 л прадукцыі. Падрабязнасці інцыдэнту агенцтву БЕЛТА распавяла вядучы спецыяліст Гродзенскага ўпраўлення аховы Ірына Мешкіна.
Пра магчымае правапарушэнне паведаміў ахоўнік мірскага філіяла ААТ "Гродзенскі лікёра-гарэлачны завод". Ён западозрыў, што кіроўца завода вывез прадукцыю без суправаджальных дакументаў.
Праваахоўнікі затрымалі "Фальксваген". Пры даглядзе ў аўтамабілі выявілі некалькі поліэтыленавых каністраў рознага аб'ёму, у якіх было 150 л спіртазмяшчальнай прадукцыі. Агульная сума тавару склала 400 рублёў.
Дарэчы, кіроўца не патлумачыў, куды збіраўся даставіць спіртное. На мужчыну пачалі крымінальную справу за крадзеж.