Кіроўца, які збіў на тратуары дзяўчат, атрымаў 6 гадоў зняволення (фота)
Адна з іх ад атрыманых траўмаў памерла.
Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 24 лютага вынес прысуд 22-гадоваму кіроўцу, які на аўтамабілі збіў на тратуары дваіх дзяўчат. Адна з іх, 20-гадовая Алеся (на здымку) ад атрыманых траўмаў памерла. Яе сяброўка Таісія дагэтуль праходзіць курс лячэння.
Трагічнае здарэнне адбылося позна ўвечары 26 жніўня мінулага года. Малады чалавек ехаў на Mazda Xedox 6, не саўладаў з кіраваннем, у выніку чаго легкавік выехаў на тратуар. Каля прыпынку грамадскага транспарту пад колы трапілі пешаходы.
Як інфармуе "Комсомольская правда в Беларуси", прычынай дарожна-транспартнага здарэння стала парушэнне кіроўцам правілаў дарожнага руху — ён ехаў на вялікай хуткасці, да таго ж, легкавік быў няспраўным. У маладога чалавека не было правоў кіроўцы. На судзе сведкі казалі, што бацькі "распусцілі сына", калі "адмазвалі" яго ад пакаранняў за разнастайныя праблемы з законам.
Суд вырашыў, што кампенсацыю маральнай шкоды сваякам загінулай і пацярпелай дзяўчыне (агулам — 1,7 млрд рублёў) выплаціць гаспадар машыны, які сядзеў побач з кіроўцам. Прысуд пакуль не набыў законнай сілы.
Пакаранне кіроўца будзе адбываць у калоніі агульнага рэжыму.
Фота: kp.by, відэа: АНТ