Кітайцам дазволілі мець па двое дзяцей у сям'і з-за дэфіцыту дзяўчат

Кітайцам дазволілі мець па двое дзяцей у сям'і з-за дэфіцыту дзяўчат

Кітайскім сем'ям дазволілі мець па двое дзяцей. Палітыка "адна сям'я ― адно дзіця" дзейнічала 36 гадоў. З 1979 года жыхарам гарадоў можна было мець толькі адно дзіця, за другое бацькі плацілі штраф, а пасля трэцяга штраф павялічваўся ў геаметрычнай прагрэсіі. Вяскоўцам дазвалялі мець дваіх дзяцей, калі першай нараджалася дзяўчынка.

 

Начальнік цэнтра інфармацыйнай дзейнасці Інстытута Канфуцыя БДУ Таццяна Фамічова тлумачыць Еўрарадыё, навошта кітайскія ўлады пайшлі на такое рашэнне, калі ў краіне, паводле апошніх дадзеных, жыве больш за 1,3 мільярда чалавек.

 

"У Кітаі сур'ёзная праблема ― недахоп прадстаўніц жаночага полу. Гэта звязана з тым, што ў традыцыйнай кітайскай сям'і аддавалі перавагу хлопчыкам, як спадкаемцам сям'і. Цяпер дзяўчат проста не хапае на тую колькасць мужчынскага насельніцтва, якая ёсць. Асабліва ва ўзросце 35 гадоў і маладзей. Матэрыяльна нараджэнне дзяўчынак не будзе неяк датавацца. Але даўно вядзецца сацыяльная палітыка падтрымкі з'яўлення дзяўчынак у сям'і. Распавядаюць, як гэта добра і файна".

 

На сёння ў Кітаі мужчын на 33 мільёны больш, чым жанчын.

 

Улады Паднябеснай збіраюцца рэгуляваць нараджальнасць не праз забароны, а эканамічнымі метадамі. Бо вырасціць дзіця каштуе дорага.

 

"Бацькі будуць самі вырашаць, ці пацягнуць яны дваіх дзяцей. Бо гэта дорага. У Кітаі цяпер у адукацыю ўкладаюць вялікія грошы, адпаведна, павышаюцца кошты. Усе імкнуцца адправіць дзяцей вучыцца за мяжу, што яшчэ даражэй. Таму дэмаграфічнае пытанне будзе рэгулявацца натуральнымі сродкамі", ― мяркуе Таццяна Фамічова.

 

Больш за адно дзіця кітайцы мелі і раней, падчас афіцыйнай забароны. для гэтага існавалі два шляхі: легальны і нелегальны. Забарона тычылася 90% насельніцтва Кітая ― народнасці Хань. Таму калі прадстаўнік гэтай народнасці заключаў шлюб з нацыянальнай меншасцю, можна было заводзіць дваіх дзяцей. З 2013 года больш за двух дзяцей дазволілі мець тым кітайцам, якія самі былі адным дзіцём у сям'і.

 

"За другое дзіця плаціўся штраф і яно пазбаўлялася усіх ільгот і прэферэнцый. Пасля трэцяга штраф вырастаў. Нараджалі і незаконна. Гэта ў вёсках і горных раёнах. Чалавек проста жыў без пашпарта і дакументаў".

 

Ёсць і іншае тлумачэнне, чаму кітайскія ўлады знялі забарону на нараджэнне больш, чым аднаго дзіцяці. Насельніцтва проста старэе, і да 2050 года, па прагнозах ААН, больш за чвэрць насельніцтва Кітая будзе ва ўзросце вышэйшым за 65 гадоў.

Фота: cdnimg.rg.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі