Кізім: Спадзяюся, што беларусы пабачаць украінскі тэлеканал яшчэ сёлета

Кізім: Спадзяюся, што беларусы пабачаць украінскі тэлеканал яшчэ сёлета

Беларусы, магчыма, змогуць пабачыць украінскі тэлеканал ужо ў канцы 2018 года. Пра гэта ў сераду ў жывым эфіры Еўрарадыё сказаў Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гэтае пытанне ў чарговы раз абмяркоўвалася Аляксандрам Лукашэнкам і Пятром Парашэнкам падчас нядаўняй сустрэчы ў Гомелі. І было прынятае пазітыўнае рашэнне. На сённяшні дзень узгоднены ўсе тэхнічныя пытанні і "аператары чакаюць". "Мы выйшлі на падпісанне кантракту. Ён фактычна ёсць", — сказаў пасол.

Па словах Ігара Кізімы, ён размаўляў з міністрам інфармацыі Аляксандрам Карлюкевічам. Апошні патлумачыў, што затрымка ўзнікла з-за таго, што ў Беларусі былі прынятыя змены ў закон аб СМІ. Дзейнічаць яны пачнуць 1 снежня. Кізім спытаў у Карлюкевіча: "Значыць з 2 снежня будзе ў вас тэлебачанне?" "Так", — адказаў міністр.

"Я спадзяюся, што гэтая доўгая гісторыя яшчэ да Новага года завершыцца", — сказаў украінскі пасол. Пры гэтым ён дапускае, што яна яшчэ можа крыху зацягнуцца — на некалькі тыдняў. Украінскі тэлеканал мусіць з'явіцца ў беларускіх кабельных сетках. Як вядома, украінцы маюць магчымасць глядзець "Беларусь 24".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі