Класкоўскі: “Лукашэнка цягне з транзітам улады, не хоча змяншаць паўнамоцтвы”
“Крэмль хоча, каб у Беларусі была не такая персаналістская сістэма, каб нейкія правы атрымаў парламент. І каб на гэтым полі гуляць, ствараць прарасійскія партыі, уплываць на розных гульцоў. Каб не замыкаліся ўсе пытанні на прэзідэнце”, — лічыць палітычны аналітык БелаПАН Аляксандр Класкоўскі.
Пра што будуць размаўляць Пуцін і Лукашэнка на бліжэйшай сустрэчы ў Маскве? Што атрымаюць беларусы і Лукашэнка ў выніку “канстытуцыйнай рэформы”? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае ў размове з Еўрарадыё Аляксандр Класкоўскі.
Сустрэча з Пуціным у дзень народзінаў
Я не думаю, што Пуцін разлічваў запрасіць Лукашэнку, каб нейкі падарунак яму ўручыць. Я думаю, што наадварот — імянінніка могуць нават узяць у абарот.
Па-першае, гэтыя дарожныя мапы інтэграцыі. Для Масквы ёсць задача — за кошт падпісання папераў мацней прывязаць Беларусь да Расіі ў плане інстытуцыйным. Бо калі будзе фактычна агульная падатковая, мытная сістэма, то дэ-факта будзе пераход на расійскія правілы і законы.
Праз нейкі час пасля падпісання гэтых мапаў, Масква ўжо будзе мець болей магчымасцей паставіць пытанні і пра агульную валюту, наднацыянальыя органы.
Пакуль што спрэчнае пытанне ў гэтых падпісаннях — гэта газ. І я думаю, што Крэмль будзе старацца ламаць Лукашэнку, каб ён падпісаў пакет праграмаў.
Другое пытанне тычыцца канстытуцыйных зменаў. Масква пасля пратэстаў стала казаць, што выйсце з крызісу — праз канстытуцыйную рэформу.
Крэмль хоча, каб у Беларусі была не такая персаналістская сістэма, каб нейкія правы атрымаў парламент. І каб на гэтым полі гуляць, ствараць нейкія прарасійскія партыі, уплываць на розных гульцоў. Каб не замыкаліся ўсе пытанні на прэзідэнце
Вось такая звышзадача Крамля. Я думаю, ен падштурхоўвае Лукашэнку да зменаў у Канстытуцыіі. Адчуваецца, што ў Лукашэнкі нейкая пракрастынацыя. Калі ўсё зачышчана, калі Лукашэнку здаецца, што ён “зацэментаваў сітуацыю”, ён пытаецца давесці, маўляў, навошта гэтыя эксперыменты. За кулісамі можа быць непростая размова.
Месца Лукашэнкі ў новай палітычнай канструкцыі
Лукашэнка яшчэ не вызначыўся, якое ў яго будзе месца ў новай палітычнай канструкцыі. Самы галоўны элемент, які цяпер ўвозіцца, — гэта УНС. Пакуль што ягоныя фукцыі нявызначаныя. У Лукашэнкі вельмі супярэчлвыя выказванні. Ён вагаецца.
З аднаго боку, разумее, што не вечны, што трэба ладзіць транзіт улады. Але разам з тым гучыць нотка недаверу да іншага прэзідэнта.
Калі ўручаў узнагоды сілавікам, ён казаў, маўляў, “што з вамі будзе, калі раптам будзе новы прэзідэнт і будзе ўсе ламаць”. Ён не называе пераемніка. Але нават пры гэтым недавер гучыць.
Ён цягне з гэтым транзітам, не хоча змяншаць паўнамоцтвы прэзідэнта. Трымае думку, што прасядзіць яшчэ да 2025 года. Але калі Лукашэнка пойдзе на стыршыню УНС, то тут можа ўзнікнуць нейкае двоеўладдзе, бо ёсць гэты недавер да другога прэзідэнта.
Лукашэнка будзе старацца перацягнуць на сябе нейкія функцыі, узяць нейкае аператыўнае кіраванне. Можа ўзнікнуць канфлікт паміж галінамі ўлады, дзвюма кіроўнымі групіроўкамі. Гэта можа прывесці да вельмі драматычных зменаў у краіне. Я думаю, што тут палягае зярно будучага канфлікту.
“На нейкім этапе змены непазбежныя”
Адзін з кірункаў палітыкі ўладаў — каго не пасадзіць, тых выціснуць за мяжу. Сапраўды за мяжой усё ж такі меней магчымасцяў. Ціханоўская і каманда працуюць з Захадам, але ўсё ж такі лідараў унутры Беларусі, якія маглі б дзейнічаць, групаваць сілы для барацьбы — іх няма. Такіх людзей проста будуць адразу “вінціць”. Робяць усё, каб пратэст нават не ўзняў галаву.
Так што я не бачу, што цягам бліжэйшых месяцаў нешта зменіцца. Зачыстка будзе працягвацца. Усіх не выціснуць, канешне, мы летась бачылі, якімі масавымі былі пратэсты.
Што спрацуе? Напэўна, у нейкай перспектыве спрацуе комплекс. Эканоміка, якая сама па сабе дэградуе, плюс санкцыі, і разам з ціскам Захаду ёсць і ціск Крамля.
Сам унутраны канфлікт не вырашаны. У сістэме ёсць напружанні. У наменклатуры не ўсе сябе камфортна пачуваюць. Рэсурс у рэжыму не бясконцы.
Гісторыя паказвае, што такія жорсткія рэжымы могуць доўга трываць, але нават у Венесуэле рэжым Мадуры вымушан быў пайсці на перамовы з апазіцыяй. На нейкім этапе змены непазбежныя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.