Кнігарня “ЛогвінаЎ” сабрала ўсе грошы на выплату штрафу
На сёння без уліку падаткаў ёсць каля 976 мільёнаў рублёў, а на штраф трэба 967 мільёнаў.
Кнігарня “ЛогвінаЎ” гатовая ў тэрмін выплаціць ўсю неабходную суму штрафу. На сайце кампаніі ў падтрымку выдавецтва пазначана, што сабрана амаль 66 тысяч долараў (каля 976 мільёнаў рублёў). Пры гэтым штраф, які 9 студзеня прызначыў эканамічны суд Мінска, складае 967 мільёнаў беларускіх рублёў.
Пра гэта Еўрарадыё распавядае прадпрымальнік Ігар Логвінаў:
“У нас ёсць графік, які вызначыў суд. Да 16 красавіка мы мусім выплаціць першую частку, да 16 траўня — разлічыцца канчаткова. Але калі ў нас ужо ёсць поўная сума, то мы ўсё паспяваем. Пакуль у суму на сайце не ўлічаныя нейкія адсоткі, бо там жа банк за ўнёсак грошай бярэ 2%, 5% мы выплочваем адзінага падатку… То бок, да канца яшчэ не пралічана, але хутчэй за ўсё там нават будуць лішнія грошы”.
Грошы, якія застануцца пасля выплат штрафу, прадпрымальнік плануе выдаткаваць на “абнаўленне кніжных паліц”, набыццё касавага апарату ды рашэнне іншых шматлікіх праблем кнігарні.
Нагадаем, у кастрычніку 2013 года выдавецтву “ЛогвінаЎ” была скасаваная ліцэнзія за выданне альбома “Прэс-фота Беларусі-2011”, які прызналі экстрэмісцкім за публікацыю фотаздымкаў. Са студзеня 2014 года ў Беларусі ўсіх кнігараспаўсюднікаў абавязваюць праходзіць працэдуру дзяржаўнай рэгістрацыі. Чыноўніцкія перашкоды дэ-факта выконваюць функцыю цэнзуры. “Кнігарня ЛогвінаЎ” спрабавала зарэгістравацца шэсць разоў на працягу года, пры гэтым пастаянна атрымлівала адмовы з надуманых падставаў. Цяпер выдавецтва працягвае працаваць. Грошы, якія збіралі “ўсім мірам” фактычна пойдуць на ўратаванне прадпрыемства ды яго маёмасці.
Фота: racyja.com