Князь Мацей Радзівіл: Мы лічым, што партрэты мусяць вярнуцца ў замак (ФОТА)

А мінскія музейшчыкі лічаць, што адноўленую рэзідэнцыю Радзівілаў трэба абвешаць копіямі У Нясвіжы адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная пытанням музеефікацыі замка Радзівілаў. Апроч беларускіх навукоўцаў, у ёй узялі ўдзел адмыслоўцы з Польшчы і Літвы. Ганаровымі гасцямі канферэнцыі былі прадстаўнікі Сям’і — князі Мацей і Мікалай Радзівілы. Па сканчэнні мерапрыемства князь Мацей Радзівіл адказаў на пытанні Еўрарадыё.

Еўрарадыё: Пане Мацею, гэтым разам з якой мэтай Вы прыехалі ў Нясвіж?

Мацей Радзівіл: Мы прыехалі гэтым разам на міжнародную канферэнцыю аб Радзівілах, аб Нясвіжы, аб будучыні музея ў замку ў Нясвіжы. Мы таксама прывезлі некалькі лічбавых копій партрэтаў Радзівілаў, якія былі звязаныя з Нясвіжам. Таксама прывезлі лічбавую копію абраза Маці Божай, які знаходзіўся ў замкавай капліцы да вайны. Дакладней, перад вайной там ужо была копія, а арыгінал захаваўся ў Польшчы. І цяпер мы падрыхтуем таксама жывапісную копію гэтага абраза, каб ён вярнуўся ў будучыні ў капліцу пасля рэканструкцыі.

Еўрарадыё: Пане Мацею, наколькі я ведаю, гэты абраз мае вельмі цікавую легенду з’яўлення?..

Мацей Радзівіл: Гэта той самы абраз, які знайшлі жаўнеры караля Яна Сабескага пасля ягонай перамогі ў бітве пад Венай у 1683 годзе. Усе Сабескія вельмі маліліся да Божай Маці з санктуарыюма ў Ларэта. І гэты абраз таксама выяўляе Божую Маці з Ларэта. Абраз знаходзіўся ў сям’і Сабескіх, але калі памёр апошні з Сабескіх, усе карціны ды іншыя рэчы патрапілі з Жоўквы ў Нясвіж, бо бабуля Радзівіла Рыбанькі была сястрой караля Сабескага. І ад 1740 года гэты абраз ужо заўсёды быў у замку ў Нясвіжы. На адвароце рукой каралевы Сабескай зробленае апісанне абраза. А Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька напісаў, каб Радзівілы заўсёды маліліся гэтаму абразу і каб захавалі яго заўсёды.

Еўрарадыё: Гэтая канферэнцыя была прысвечаная пытанням музеефікацыі Нясвіжскага замка. Што вам там спадабалася, а што не?

Мацей Радзівіл:
Я не прысутнічаў пры ўсіх выступах, бо працавалі дзве секцыі. Але я зразумеў, што ёсць дыскусія: што зрабіць у інтэр’еры замка? Мы, Радзівілы, думаем, што ўсе арыгіналы, якія былі там да вайны, павінны вярнуцца. Але я таксама разумею, што з пункту гледжання мінскіх музейшчыкаў гэта ёсць праблема. Яны думаюць, што карціны павінны быць у Мінску, там дзе многа людзей, дзе добрыя ўмовы захавання. Але я мяркую, што яшчэ ёсць час, каб знайсці добрае рашэнне гэтай праблемы.

Еўрарадыё: Пане Мацею, у гэтым годзе Вы ўжо трэці раз прыязджаеце ў Нясвіж — першы раз быў у траўні, другі ў ліпені. Кожны раз вы аглядаеце замак. Ці нешта змянілася на Вашых вачах?

Мацей Радзівіл:
Так, канешне, ёсць прагрэс — мы бачылі многія маленькія і большыя элементы, якія змяніліся. Я ведаю, што цяпер ідзе зіма — і трэба скончыць некаторыя канструкцыі. Спадзяюся, што беларуская дзяржава знойдзе грошы, каб фінансаваць будоўлю-рэканструкцыю ў наступным годзе. Спадзяюся, што ўсё скончыцца паводле плану — у 2011 годзе.

Еўрарадыё: Яшчэ ў траўні прадстаўнікі ўлады казалі: цяпер, калі да нас прыязджаюць Радзівілы, мы будзем раіцца з імі, прыслухоўвацца да іх. Я ведаю, што вы выказвалі сваё меркаванне. Ці да чаго-небудзь прыслухаліся?

Мацей Радзівіл:
Я вельмі асцярожна даю парады, бо я ёсць спецыялістам па філасофіі, фінансах і мадэрнізацыі чыгункі! (усміхаецца) Я не ёсць спецыялістам па рэканструкцыі. Калі мы прыязджаем з нашай цёцяй Эльжбетай Радзівіл — яна можа параіць, што рабіць. Бо яна апошні чалавек, які жыў у замку перад вайной, яна памятае, як гэта было. Я бачу, што ёсць дыскусія — ці мы робім замак на перадваенны стан, ці на час Рыбанькі, ці на час Сіроткі… Гэта ёсць дыскусія спецыялістаў, я не магу ўзяць у ёй удзел…

Князь Мацей Радзівіл распавёў у інтэрв’ю Еўрарадыё пра міжнародную канферэнцыю ў Нясвіжы, прысвечаную пытанням музеіфікацыі замка. Найбольш праблемным момантам стала пытанне, дзе мусяць знаходзіцца арыгіналы партрэтаў Радзівілаў. Мінскія музейшчыкі не хочуць аддаваць каштоўныя палотны са сваіх фондаў. Радзівілы лічаць, што партрэты мусяць вярнуцца туды, дзе былі заўсёды — у Нясвіжскі замак.



Князь Мацей Радзівіл перадае копію абраза Маці Божай з дамавой капліцы замка дырэктару музея-запаведніка "Нясвіж" Валерыю Сталярчуку



Яшчэ адзін падарунак Нясвіжу — копія партрэта Пане Каханку XVIII стагоддзя



Князі Мікалай і Мацей Радзівілы аглядаюць экспазіцыю музея ў замку



Мацей Радзівіл асабіста праводзіць экскурсію ўдзельнікам канферэнцыі



Князь Мацей бярэ ўдзел у дэбатах адносна спрэчнага партрэта. Адмыслоўцы так і не прыйшлі да згоды, хто выяўлены на ім: Луіза Гогенцолерн ці Аляксандра Браніцкая?



У прэзідыюме канферэнцыі: Мацей і Мікалай Радзівілы, Віктар Кураш, намеснік міністра культуры Беларусі



Абмеркаванне генеалогіі роду вядзе з Радзівіламі доктар мастацтвазнаўства Надзея Высоцкая

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі