Коктыш: Фільм пра лесбійскае каханне ў Мінску пакажуць

DW піша, што сцэны кахання ў фільме "Жыццё Адэль", які перамог на Канскім кінафестывалі, на мяжы порна. Журналіст "Радыё Свабода" і сцэнарыст фільма "Жыве Беларусь" Франак Вячорка глядзеў гэты фільм у Канах на прэм'еры.
 
"Фільм вельмі спадабаўся. Праўда, ён быў трохі зацягнуты. І я стаміўся назіраць за сцэнамі лесбійскага сэксу, якія перманентна паўтараліся кожныя 10-15 хвілінаў з дэталізаванымі карцінкамі. Фільм уражвае, бо адрозніваецца ад іншых канкурсантаў. Я ўявіць не мог, што такі фільм пакажуць на шырокім экране".
 
Фільм пра незвычайнае каханне. Дзяўчына-падлетак мела няўдалы сэксуальны вопыт з хлопцам і вырашае, што гэта не яе. Яна знаёміцца са старэйшай дзяўчынай, з блакітнымі валасамі.
 
"Тая навучыла яе ўсім прамудрасцям і стала бліжэйшай, чым кансерватыўныя бацькі. Галоўная гераіня шукае сябе, але знаходзіць у вычварным, нязвыклым для беларуса, свеце, — гаворыць Франак Вячорка. — Па карцінцы фільм вельмі французскі. Мне спадабалася аператарская праца. Калі звычайна буйным планам паказваюць вочы альбо рэчы на стале — то тут вусны, а таксама рот, калі галоўная гераіня са смакам есць спагеці баланьеза, што таксама паўтараецца некалькі разоў на працягу фільма".
 
Зала фактычна замерла, падчас прагляду было ціха, ніхто не размаўляў, а першую сцэну ў ложку сустрэлі апладысментамі. Дарэчы, быў і другі фільм-канкурсант пра двух геяў. Відаць, што тэма аднаполых адносінаў у трэндзе.
 
У фільме найперш напружвае яго працягласць — 3 гадзіны, а таксама колькасць парнаграфічных сцэнаў, адзначае Франак Вячорка.
 
Гендырэктар УП “Кінавідэапракат” Васіль Коктыш ужо паспяшаўся сказаць, што фільм, як і ўсіх пераможцаў Канскага фэсту, пакажуць у Мінску ўвосень, калі ён выйдзе ў сусветны пракат.
 
"Думаю, мы пакажам яго. Але пакуль не ведаем, хто будзе праваўладальнікам на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Калі вызначыцца дыстрыб'ютар, будзем працаваць. Думаю, гэта будзе бліжэй да восені".
 
Фільм прадэманструюць у "Доме кіно", дзе традыцыйна паказваюць усе стужкі з Канскага кінафэста.
 
Што ж да тэматыкі карціны, то тут нічога страшнага няма. Яго адглядзіць камісія, якая вызначыць абмежаванне па ўзросце.
 
"Усё нармальна будзе. Будзем паказваць. Нават тое, што там... ну што рабіць, ёсць такое. Тым больш у Францыі. А мы пакажам. Як я чуў, там усё прыгожа".
 
Франак Вячорка лічыць, што кіно не змогуць паказаць у Мінску, альбо давядзецца яго адцэнзураваць і урэзаць з трох гадзін да дзвюх.
 
"Могуць зрабіць цэнзураваную версію для тэлебачання, а таксама "праблемных" краінаў. Але кіно нефарматнае. Калі там не будзе эротыкі, то беларусы яго не зразумеюць і не пойдуць на яго".
 
Фота: picture-alliance/dpa

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі