Колькасць беларусаў, працаўладкаваных у Літве, з 2022-га вырасла ў чатыры разы
![Беларусы ў Літве працуюць пераважна ў транспартна-складской дзейнасці, ілюстрацыйнае фота](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2024-06/kirouca-2106.jpg.webp?itok=9aIh19s7)
Беларусы ў Літве працуюць пераважна ў транспартна-складской дзейнасці, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt
Беларусы найбольш актыўна запаўняюць працоўны рынак Літвы. Ад 2022 года колькасць нашых суайчыннікаў, працаўладкаваных у гэтай краіне, вырасла амаль у чатыры разы — на 33,6 тысячы чалавек. Такія лічбы называе DELFI са спасылкай на Службу занятасці Літвы.
На сёння ў Літве працуюць 46,6 тысячы беларусаў і крыху больш за 46 тысяч украінцаў. Пра гэта заявіла намесніца дырэктара Службы занятасці Гедрэ Сінкявічэ.
Найбольш беларусаў працуе на прадпрыемствах транспартна-складской дзейнасці (33,1 тысячы чалавек), будаўніцтва (5,6 тысячы чалавек), інфармацыйна-камунікацыйнай дзейнасці (3,5 тысячы чалавек).
Калі ж параўнаць у адсотках, дык найбольшы рост назіраецца ў фінансавай і страхавой дзейнасці. У гэтай сферы на пачатак 2022 года працавалі 7 беларусаў, а цяпер іх 114. Такая ж тэндэнцыя назіраецца ў сферы інфармацыі і сувязі — павелічэнне з 631 да 3,5 тысячы чавлавек. У апрацоўчай прамысловасці беларусаў у параўнанні з 2022 годам стала больш амаль утрая — 1,3 тысячы чалавек, у сферы аўтарамонту — у чатыры разы (больш за 1 тысячу), у адміністрацыйнай і сэрвіснай дзейнасці — у восем разоў (541 чалавек), у сферы паслуг размяшчэння і грамадскага харчавання – у сем разоў (473 чалавекі).
Беларусы на рынку працы ў Літве займаюць пераважна месцы сярэдняй кваліфікацыі (40,9 тыс.). У параўнанні з 1 студзеня 2022 года іх колькасць вырасла ў паўтара разу.
Паводле сінкявічэ, расце і колькасць нашых суайчыннікаў на высокакваліфікаваных пасадах у Літве: "Цяпер іх 5,2 тысячы, тады як у 2022 годзе за той жа перыяд не дасягала і тысячы (895)".
Пры гэтым літоўскую мову летась вывучаў 141 грамадзянін Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.