Урад Чэхіі не будзе адмяняць абмежаванні на выдачу візаў беларусам

Прага, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Урад Чэхіі не будзе адмяняць сваё рашэнне, якім абмежаваў выдачу віз грамадзянам Беларусі. Пра гэта ў сацсетках піша актывіст беларускай дыяспары Андрэй Калаўр.
Як паведамлялася раней, год таму ўрад Чэхіі ўвёў бестэрміновую забарону на выдачу віз і новых відаў на жыхарства грамадзянам Беларусі і Расіі. Беларускія суполкі і прадстаўніцтвы нацыянальнай меншасці накіравалі зварот, каб прыпыніць або скасаваць гэтыя абмежаванні.
Нарэшце прыйшоў афіцыйны адказ ад кабінета прэмі'ер-міністра Чэхіі.
"У лісце гаворыцца, што нашы аргументы зразумелыя і ацэненыя, але ўрад не будзе пераглядаць сваё рашэнне ў бліжэйшай будучыні. Якія прычыны? Тое, што Беларусь — хаўруснік Расіі, што рэжым мае "патэнцыял і магчымую волю" (“kapacita a případná vůle”) дзейнічаць варожа ў адносінах да Чэхіі, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася", — пераказвае змест адказу Андрэй Калаўр.
Актывіст кажа, што некаторыя групы беларусаў рыхтуюцца абскардзіць гэтае рашэнне праз суд.
Таксама ён прапаноўвае наступныя стратэгіі:
"1. Ідэальна, канешне, абараняць сябе палітычна — напрыклад, праз партыю аб'яднанных меншасцяў (якой, як я ведаю, пакуль няма). У беларусаў ёсць гістарычны досвед: у міжваеннай Польшчы мы разам з іншымі нацыямі занялі 2-е месца на парламенцкіх выбарах 1922 года.
2. Стварыць асацыяцыю нашых суполак, бізнесу і актывістаў па-за суполкамі для каардынацыі дзейнасці і сумеснай абароны дыяспары. Разам з нашымі прадстаўнікамі і прадстаўніцамі ва ўрадавай камісіі і пры мэрыях даносіць нашы інтарэсы да палітыкаў. Пра гэта ўжо вядуцца размовы. Плюс, спадзяюся, што ў хуткім часе мы атрымаем яшчэ адну прадстаўніцу пры мэрыі Брна".
Паводле Калаўра, у Чэхіі цяпер знаходзяцца каля 10 000 беларусаў. Гэта афіцыйная нацыянальная меншасць у краіне. Ён заклікае беларускую супольнасць абараняць свае правы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.