Колькасць даменаў у зоне .бел перавысіла 16 тысяч

Колькасць даменаў у зоне .бел перавысіла 16 тысяч

Даменная зона .бел перайшла мяжу ў 16 тысяч рэгістрацый. Сярод даменаў на кірыліцы зона .бел займае другое месца па колькасці зарэгістраваных даменаў пасля .рф, паведаміў БЕЛТА дырэктар hoster.by Сяргей Павалішаў.

Па яго інфармацыі, этап адкрытай рэгістрацыі стартаваў 1 кастрычніка 2015 года, і кастрычнік стаў лідарам па колькасці рэгістрацый даменаў .бел — 9 204 штук. Затым назіраўся спад колькасці рэгістрацый, аднак лістапад і снежань паказваюць, што стабільная цікавасць да гэтай даменнай зоны захоўваецца.

8,2 тысячы даменаў зарэгістравалі фізічныя асобы, яшчэ каля 7,8 тысячы — юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі. Сярод іншага, ёсць цікавасць да беларускамоўных даменных імёнаў, прычым рэгіструюць дамены са спецыфічнымі беларускімі сімваламі, якія нельга набраць на клавіятуры з рускай раскладкай.

Уладальнікі даменаў .бел — не толькі беларусы. Гэта прадстаўнікі 24 краін, у тым ліку Вірджынскіх выспаў і выспы Джэрсі.   

Найдаражэйшымі даменамі, набытымі з аўкцыёну, сталі авто.бел (315 мільёнаў рублёў), реклама.бел (233,1 мільёна), запчасти.бел (58,5 мільёна), таксі.бел (55,6 мільёна), двери.бел (54,4 мільёна).

Дамен .бел быў выдзелены Беларусі ў 2014 годзе. Прыярытэтная рэгістрацыя ў гэтай зоне стартавала 1 сакавіка 2015 года, з 1 кастрычніка пачаўся этап свабоднай рэгістрацыі для ўсіх ахвочых.

Для параўнання — у даменнай зоне .by на сёння зарэгістравана 123 тысячы даменаў, у тым ліку болей за 36 тысяч — у 2015 годзе.

Фота: Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі