Колькасць кібермахлярстваў у Беларусі за год вырасла ў 2,5 разы — Швед

Андрэй Швед / БЕЛТА
Андрэй Швед / БЕЛТА

Колькасць злачынстваў, звязаных з кібермахлярствам, за год вырасла ў Беларусі ў 2,5 разы, заявіў генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед падчас дакладу Аляксандру Лукашэнку.

Калі ў 2019 годзе было зарэгістравана крыху больш за 10 тысяч такіх злачынстваў, то ў 2020м — больш за 25 тысяч.

Паводле яго слоў, ашуканцы (часцей за ўсё з-за мяжы) скарысталіся "крыху нервовым становішчам, нагнятаннем, адцягненнем праваахоўнага блока на тое, каб спыніць дэстабілізацыю грамадскай бяспекі" і кінуліся падманваць беларускіх грамадзян. "І адбыўся такі рост",цытуе генпракурора агенцтва БЕЛТА.

Пры гэтым у цэлым, па словах Шведа, крымінагенная сітуацыя ў Беларусі знаходзіцца пад кантролем. Практычна па ўсіх асноўных відах злачынстваў адзначаецца зніжэнне ўзроўню злачыннасці.

Лукашэнка ў сваю чаргу сказаў, што хацеў бы пачуць "ацэнку тых крымінальных спраў, якія спецыяльна валам абрынуліся на вас, каб, як казалі нашы сапернікі, праціўнікі, паралізаваць праваахоўную сістэму".  Пры гэтым ён лічыць, што "нічога не паралізавалася". Лукашэнка таксама анансаваў нараду з праваахоўным блокам, дзе хацеў бы ўважліва "паглядзець" на заканадаўства.

"Цяпер усе краіны ўдасканальваюць яго. Вы бачыце, у Расійскай Федэрацыі вельмі сур'ёзна прайшліся па асноўных законах, якія забяспечваюць абарону і бяспеку грамадзян", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ ў кастрычніку Швед казаў, што колькасць крымінальных спраў па фактах масавых беспарадкаў і гвалту ў дачыненні да праваахоўнікаў набліжаецца да 700, і іх колькасць расце. Між тым распачынаць крымінальныя справы па фактах гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да мірных грамадзян праваахоўныя органы Беларусі адмаўляюцца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі