Колькі студэнтаў перасялілі дзеля Еўрагульняў? БДУ і БДПУ адмовіліся адказваць

Колькі студэнтаў перасялілі дзеля Еўрагульняў? БДУ і БДПУ адмовіліся адказваць

Еўрарадыё атрымала адказы на афіцыйныя запыты пра перасяленне студэнтаў са Студэнцкай вёскі ў сувязі з II Еўрапейскімі гульнямі. Усяго пераязджаць вымушаныя былі студэнты пяці ўніверсітэтаў, а студэнтаў БНТУ “вялікае перасяленне” не закранула.

Менш за ўсіх перасяліў БДУІР: рэктарат “аптымізаваў” навучальны працэс і шукаў новыя спальныя месцы ўсяго для 23 навучэнцаў. Усе яны засталіся ў Мінску і ў інтэрнаце ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

“У БДУІР адзін інтэрнат у Студэнцкай вёсцы. Там жылі ў асноўным студэнты 4-га курса — выпускнікі. Іх навучальны працэс быў аптымізаваны, каб разгрузіць другое паўгоддзе. Нядаўна завяршылася сесія, і яны сышлі на вакацыі, пасля чаго пачнецца працоўная практыка. Большасць з іх будзе праходзіць яе па месцы жыхарства, завяршаць працу над дыпломнымі праектамі, таму ў іншым месцы ў інтэрнаце яны не маюць патрэбы. Іншым, якія плануюць праходзіць вытворчую практыку ў Мінску ці з'яўляюцца студэнтамі 1-3 курсаў, а гэта 23 чалавекі, далі вольныя месцы ў іншым інтэрнаце БДУІР, якія з'явіліся пасля выпуску на пачатку лютага курсантаў ваеннага факультэта”.

Адміністрацыі БДМУ давялося шукаць месцы для 386 будучых спецыялістаў. Усіх перасялілі ў інтэрнат №4 Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Як у інтэрнаце БелМАПА знайшлося амаль 400 пустых ложкаў, Еўрарадыё не патлумачылі.

Рэктарату МДЛУ давялося перасяляць 384 студэнтаў. Першапачаткова ў пакоі інтэрната на вуліцы Слясарнай ставілі 5-ы ложак. Але пасля таго, як фатаграфіі з новымі ўмовамі пражывання трапілі ў СМІ, “ушчыльненне” спынілі.

БДУ і БДПУ ў адказ на запыты Еўрарадыё не паведамілі ніякіх лічбаў. Мы абскардзілі атрыманыя адказы ў вышэйшай інстанцыі — Міністэрстве адукацыі.

Ліст з БДУ увогуле трапіў у спам — магчыма, падаўся службе Gmail занадта лірычным для афіцыйнага адказу:

“Падстаў для хвалявання і перажыванняў няма і не павінна быць. Ні адзін студэнт на вуліцы не застаўся, бо пытанне забяспечанасці яго месцам для пражывання знаходзіцца на асаблівым кантролі адміністрацыі БДУ.

Комплекс мерапрыемстваў быў арыентаваны на кожнага студэнта, яго магчымасці і перавагі пры перасяленні. Кожнаму студэнту прапаноўвалася персанальная дапамога куратара. Ён “вёў” студэнта да поўнага вырашэння пытання з перасяленнем. Студэнтам прапаноўвалася падсяленне ў іншыя інтэрнаты БДУ ці перасяленне ў інтэрнаты сталічных арганізацый або прадпрыемстваў. Некаторыя студэнты выбралі варыянт самастойнай арэнды жылля. Пры любым рашэнні студэнта кожны з іх забяспечаны месцам пражывання”.

У прэс-службе БДУ нам заявілі, што “гэта адзіны завераны адказ для СМІ па гэтай тэме”, і таму больш падрабязнай інфармацыі чакаць не варта. А шкада, бо ў студэнтаў універсітэта ўражанні ад перасялення крыху іншыя, чым у прэс-службы. Адны распавядаюць, што ім прапаноўвалі пераехаць у памяшканне дома адпачынку ў Ратамцы за 17 км ад мінскай кальцавой, іншыя — пра варыянт з пансіянатам у Стайках. Частка студэнтаў пераехала на паўднёва-ўсходні край горада ў мікрараён “Ангарская-4”.

 

Колькі студэнтаў перасялілі дзеля Еўрагульняў? БДУ і БДПУ адмовіліся адказваць

Бадай што самі кароткі адказ прыйшоў з БДПУ. Кіраўніцтва педагагічнага ўніверсітэта лаканічна паведаміла, што ў іх усё добра:

“Усім іншагароднім студэнтам БДПУ, якія пражывалі ў студэнцкай вёсцы, былі дадзеныя месцы для пражывання ў іншых інтэрнатах універсітэта”.

На просьбу распавесці канкрэтна, колькі студэнтаў пераселена, нам спачатку заявілі, што гэта тайна, а пасля адказалі, што лічбаў не ведаюць, бо пераселены “цэлы корпус”, і гэта вельмі клапотна, лічыць, каго перасялілі і куды.

За выключэннем БДУ і БДПУ (гэта самыя вялікія групы студэнтаў), перасяленне са Студэнцкай вёскі дзеля Еўрапейскіх гульняў закранула 793 навучэнцаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі