Колькі зарабляюць у самых бедных рэгіёнах Беларусі?
Некаоторыя раёны заселі ў беднасці і не развіваюцца гадамі / Еўрарадыё
Паводле афіцыйнай статыстыкі, за травень сярэдні заробак у Беларусі складае 1861,1 рубля. Гэта да выліку падаткаў. У пераліку на замежную валюту гэта больш за 640 долараў. Легендарныя “па пяцьсот”, якія Лукашэнка абяцаў ледзь не кожны год, заробак у Беларусі быццам бы ўжо перакрочыў. Але з улікам росту коштаў і праблем у эканоміцы зразумела, што гэта не паказчык дабрабыту насельніцтва.
Тым больш, што ў Беларусі ёсць сапраўды адсталыя рэгіёны, якія шмат гадоў запар псуюць дзяржаве статыстыку па заробках, і там нічога не змяняецца. Вось топ-5 самых бедных рэгіёнаў краіны.
Акцябрскі раён — 1208 рублёў
Раён знаходзіцца ў Гомельскай вобласці, яго цэнтр — гарадскі пасёлак Акцябрскі ў 190 км ад Гомеля. Яго некалькі гадоў таму праславіла школьніца Ксенія Дзягелька з песняй “Я — из деревни”. У раёне жыве крыху больш за 13 000 чалавек.
Мясцовы выканкам кажа, што ў раёна ёсць патэнцыял — тут у стадыі геалагічнай распрацоўкі ёсць каменны вугаль, калійная і каменная солі, у двух радовішчах наладжаная распрацоўка нафты. Акцябрскі займаецца малочнай прамысловасцю, вытворчасцю металаканструкцый і сельскай гаспадаркай. Большасць насельніцтва або працуе ў аграпрадпрыемствах, або занятая ў гандлі ці сферы паслуг ці на будоўлі.
Вакансій тут нягуста. На сайтах па пошуку працы ў Акцябрскім прапануюць работу прыбіральшчыка за 900-1080 рублёў, прадаўца — за 750 рублёў і намесніка дырэктара ў сеткавы супермаркет — за 900-1100 рублёў.
Лельчыцкі раён — 1199 рублёў
Яшчэ адзін бедны раён у Гомельскай вобласці на мяжы з Украінай. Цэнтр раёна — гарадскі пасёлак Лельчыцы ў 215 км ад Гомеля. Тут жыве крыху менш за 24 тысяч чалавек, палова з іх — у райцэнтры.
Тут займаюцца сельскай гаспадаркай — гадуюць быдла. Таксама раён зарабляе на лесе і вытворчасці друзу.
Дзе працаваць у Лельчыцах? З актуальных вакансій — кантралёр-касір у супермаркеце з заробкам да 1150 рублёў, выхавальнік— за 600 рублёў. Таксама патрэбны супрацоўнікі ў гандлёвую сетку — камплектоўшчык замоў (1130 руб.), мерчэндайзер з ахопам суседніх раёнаў (730 руб.). Можна ўладкавацца таксама грузчыкам у краму за 800-1200 рублёў.
Мсціслаўскі раён — 1172 рублі
Раён знаходзіцца ў Магілёўскай вобласці і мяжуе з Расіяй. У антырэйтынг па самых нізкіх заробках у краіне трапляе не першы раз. Раённы цэнтр — старажытны і слаўны горад Мсціслаў. У раёне жыве каля 20 тысяч чалавек.
Прамысловасці тут амаль няма. Працуе толькі малочнае прадпрыемства — філіял холдынга “Бабуліна крынка”, “Мсціслаўлён” і хлебазавод.
У горада і раёна ёсць турыстычны патэнцыял. Мсціслаў — гэта сярэднявечны горад, тут ёсць музей с фрагментамі старажытнага мястэчка, захаваліся касцёлы 17 і 18 стагоддзяў, у жніўні тут ладзіцца рыцарскі фэст. Але багацця гэта гораду і раёну не прыносіць.
Дзе ж працаваць у Мсціславе? Грузчыкам або прадаўцом у краме мэблі за 700 рублёў, электраманцёрам — за 886-1471 рублёў, ветэрынарным доктарам — за 697 руб., педагогам-псіхолагам у гімназіі — за мінімалку ў 554 рублі. Таксама ёсць вакансіі швачкі за 600-700 рублёў, кіроўцы — за 700. Больш прапануе мясцовы іпэшнік на кладцы пліткі — 1200 рублёў. Ёсць праца таксама ў лясгасе: лесніком або трактарыстам за 700-1000 рублёў.
Кармянскі раён — 1163 рублі
Гэта таксама Гомельская вобласць. Раённы цэнтр — гарадскі пасёлак Карма, што ляжыць паміж Магілёвам і Гомелем. У раёне жыве каля 13 тысяч чалавек.
Чым можа пахваліцца Карма? Тут ёсць ільнозавод, хлебазавод, паліграфічнае, швейнае прадпрыемства — дарэчы, гэта філіял “Рэчыцкага тэкстылю”, дзе шыюць ручнікі. Ну і, як і паўсюль, тут ёсць свае аграпрадпрыемствы, але варта мець на ўвазе, што раён цалкам быў забруджаны пасля выбуху на ЧАЭС.
Дзе тут працаваць? За касай ў краме за 800-1150 рублёў, трактарыстам — за 1000, даяркай — за 560 рублёў, машыністам экскаватара — за 700 рублёў, слесарам або падсобным рабочым — за 600, швачкай — таксама за 600.
Шаркаўшчынскі раён – 1158 рублёў
Калі астравок стабільнасці ў Беларусі і існуе, гэта Шаркаўшчына на Віцебшчыне. Раён некалькі гадоў запар знаходзіцца ў аўтсайдарах — тут самыя нізкія заробкі. У раёне жыве каля 13 тысяч чалавек, адміністрацыйны цэнтр — гарадскі пасёлак Шаркаўшчына.
Гэта дзіва, але ў раёне амаль нічога няма. Тут хіба што вырабляюць пладова-ягаднае віно — ёсць філіял полацкага прадпрыемства.
Але Шаркаўшчына — неверагодна маляўнічыя мясціны. Тут шмат лясоў і азёр, але пярліна рэгіёна — знакамітае балота Ельня. Падавалася б, гэта кландайк для развіцця турызму, але чамусці Шаркаўшчына прайграе ў гэтым суседнім Мёрам, з якімі дзеліць Ельню.
Дзе тут працаваць? У жыллёва-камунальнай гаспадарцы майстрам за 850-1200 рублёў або маляром — за 650. Ёсць вакансіі электраманцёра за 750 рублёў, грузчыка — за 700 руб., трактарыста — за 1000. На запраўцы можна працаваць за 780-1480 рублёў. У сферы адукацыі — педагогам, метадыстам, столь — 500 рублёў. Прадаўцом садавіны і гародніны можна зарабіць 1000 рублёў. Больш за 1600-1700 рублёў прапануюць дактарам у мясцовай раённай бальніцы. Напрыклад, цяпер там патрэбны кардыёлаг.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.