"Коммерсант": Расія зноў дасць Беларусі зніжкі і кампенсацыі на газ і нафту
Афіцыйны Мінск пагадзіўся заплаціць 425 мільёнаў долараў запазычанасці за пастаўкі расійскага газу, калі атрымае новыя траншы крэдыту з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Пра гэта піша расійская газета "Коммерсант", спасылаючыся на ўласныя крыніцы.
Акрамя таго, беларускія ўлады хочуць новых ільготаў на пастаўкі газу. На думку экспертаў Масква пойдзе на іх з геапалітычных меркаванняў.
Нагадаем, ад пачатку года Беларусь плаціць за пастаўкі газу па коштах, якія лічыць справядлівымі — каля 70 долараў за тысячу кубаметраў. Тым часам расійскі бок патрабуе плаціць па коштах, прапісаных у дамовах, — 132 долары за тысячу кубоў. Такім чынам, ад пачатку года запазычанасць склала ўжо 425 мільёнаў долараў. У адказ на гэта Расія знізіла пастаўкі нафты — з 5,3 млн тон у квартал да 3,5 млн, а потым і да 3 млн тон.
8 снежня афіцыйны Мінск паведаміў, што зрабіў авансавы плацеж за пастаўкі газу. У той жа дзень Расіі былі перададзеныя новыя прапановы па пагашэнні запазычанасці. Па звестках "Коммерсанта", Беларусь прапаноўвае заплаціць 425 млн долараў запазычанасці за газ. Але за гэта Мінск хоча бліжэйшым часам атрымаць трэці і чацвёрты траншы крэдыту з антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Сёлета беларускія ўлады атрымалі першыя два траншы на 800 млн долараў. Агулам фонд мае выдаць крэдыт у 2 млрд долараў сямю траншамі.
У абмен на поўнае пагашэнне газавай запазычанасці Расія паабяцала субсідаваць з бюджэту пастаўкі газу для Беларусі з другога паўгоддзя 2016 года па першае паўгоддзе 2019 года. Субсідыі мусяць скласці прыкладна 300 млн долараў у год. Такім чынам Расія будзе кампенсаваць высокія кошты на пастаўкі газу.
Паведамляецца, што субсідыя будзе выглядаць так: Беларусь будзе залічваць у свой бюджэт пошліны ад экспарту расійскай нафты, якая пастаўляецца ў нашу краіну (так гэта адбываецца з выпрацаванымі з яе нафтапрадуктамі). Прычым аб'ём гэтай нафты будзе абмежаваны. Штоквартальна ён будзе ўзгадняцца і будзе ўлічвацца ў рамках агульнага балансу паставак. Пры цяперашніх коштах на нафту "ільготны аб'ём" для субсідыі ў 300 млн долараў можа скласці каля 3 млн тон нафты ў год.